Навіны

Больш за Br7 млрд накіруюць на дзяржпраграму "Беларускі лес" да 2025 года

Больш за Br7 млрд накіруюць на рэалізацыю дзяржпраграмы "Беларускі лес" на 2021-2025 гады. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 28 студзеня 2021 года нумар 52 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Плануецца, што ў выніку рэалізацыі дзяржпраграмы лясістасць тэрыторыі рэспублікі дасягне 40,3 працэнта, аб'ём нарыхтоўкі драўніны вырасце да 3,2 куб.м з 1 га, сярэдні запас насаджэнняў павысіцца да 225 куб.м з 1 га. За пяцігодку будзе пабудавана не менш за 580,3 км новых лесагаспадарчых дарог.

Колькасць лася складзе 100 працэнтаў ад аптымальнай колькасці гэтага віду, аленя высакароднага - 37 працэнтаў, казулі - 80 працэнтаў. У дзяржпраграме адзначаецца, што фактычная колькасць гэтых відаў жывёл павялічваецца і ў 2019 годзе склала для лася 41,7 тыс. асобін, для аленя высакароднага - 26,2 тыс. асобін, казулі - 109,2 тыс. асобін, што складае адпаведна 97 працэнтаў, 27 працэнтаў і 67 працэнтаў ад іх аптымальнай колькасці.

Вытворчасць у натуральным выражэнні паперы і кардону павялічыцца ў 2,1 раза, цэлюлозы - у 1,7 раза, плітнай прадукцыі - у 1,1 раза. Вытворчасць мэблі (у фактычных цэнах) вырасце ў 1,3 раза да ўзроўню 2020 года.

Стратэгічнай мэтай развіцця лесапрамысловай галіны будзе рацыянальная перапрацоўка сыравіны і рэалізацыя прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Цяпер доля прадукцыі дрэваапрацоўкі складае 5,2 працэнта ад ВУП, з задзейнічаннем патэнцыялу новых прадпрыемстваў яна вырасце да 5,5-5,7 працэнта.-0-