Навіны

На Алеі Герояў прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці

Ля мемарыяльнага комплексу «Алея Герояў» адбыўся мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-й гадавіне вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел у ім прынялі кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, былыя вязні, партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу, ганаровыя грамадзяне, воінскія падраздзяленні, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, паведамляе newsgomel.by.

Словы віншаванняў і падзякі выказаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка:
–Мы зноў узгадваем подзвіг воінаў-вызваліцеляў. І наша памяць – святы абавязак перад усімі, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам права на светлую будучыню.

2745764aa0e27ee60d4e82d6246c71cf.jpg

Сёння, праз дзесяцігоддзі, трэба захаваць гэты бясцэнны дар – незалежнасць нашай краіны. Краіны з такой багатай і няпростай гісторыяй. Кожны год мы схіляем галаву ў памятных месцаў і гаворым дзякуй тым, хто ваяваў і вызваляў Беларусь. Тым, хто аднаўляў яе з руін і будаваў мірнае жыццё. Толькі дзякуючы вам, дарагія ветэраны, мы маем магчымасць жыць і працаваць.

577b66da4581039b29f07023e007cb69.jpg

З набліжэннем знакавай падзеі жыхароў горада павіншаваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы ветэран Гомельскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксей Пимонов. Ад імя моладзі выступіла пераможца абласнога этапу рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі», лаўрэат прэміі Гомельскага аблвыканкама, студэнтка ГДТУ ім. П. В. Сухога Маргарыта Краўчанка.

2d6c2a6e34d96757230d25d24034dd6b.jpg

Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу «Алея Герояў».

"Гомельскія ведамасці"