Навіны

Прыродаахоўныя тэрыторыі займаюць больш за 20 працэнтаў плошчы Беларусі

 Прыродаахоўныя тэрыторыі займаюць больш за 20 працэнтаў плошчы Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

"Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый за 2018-2020 гады павялічылася на 67,5 тыс. га і складае 1,8 млн га, або 9 працэнтаў тэрыторыі Беларусі. Сукупная ж доля ўсіх прыродаахоўных тэрыторый у Беларусі (асабліва ахоўных, а таксама месцаў пражывання чырванакніжнікаў, рэдкіх біятопаў) ацэньваецца ў памеры 22 працэнты ад плошчы краіны. У нас гэты паказчык вышэйшы, чым ва Украіне (17 працэнтаў), Літве і Латвіі (18 працэнтаў)", - расказалі ў прэс-службе.

У Беларусі асаблівую ўвагу ўдзяляюць аднаўленню парушаных экасістэм. "За апошнія тры гады за кошт сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі выкананы работы па паўторным забалочванні тарфянікаў на плошчы большай за 15 тыс. га. У бягучым годзе аналагічныя работы будуць праведзены на плошчы звыш 5 тыс. га. Адным з вынікаў захавання і аднаўлення прыродных комплексаў стала павелічэнне колькасці дзікіх жывёл і раслін", - адзначылі ў Мінпрыроды.

Беларусь займае 1-е месца ў свеце па колькасці вольнажывучых зуброў: іх пагалоўе расце і ўжо складае больш за 2 тыс. асобін. Колькасць рысі за трохгадовы перыяд вырасла на 80 працэнтаў - прыкладна да 900 асобін. "У нашай краіне жыве амаль 40 працэнтаў сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі, 10 працэнтаў - вялікага падорліка, 3 працэнты - дупеля. Усяго ў Чырвоную кнігу Беларусі занесены 303 віды раслін і 202 віды дзікіх жывёл", - дадалі ў прэс-службе.-0-