вул. Ірынінскай, 25 і пр. Леніна 41

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, вугал вул. Ірынінскай, 25 і пр. Леніна, 41

Стылістыка гарадской жылой забудовы ў 1920 – 1930 гг. абумоўлена развіццем канструктывізму, які функцыяналізм ставіў вышэй за ўсе. Аднак у другой палове 1930-х гг. у СССР многія канструктывісцкія будынкі былі перайначаны з улікам новай тэндэнцыі да ўмеранага «ўзбагачэння» экстэр'ера, абумоўленай ужо постканструктывізмам. Дом на рагу вул. Ірынінскай і пр. Леніна – прыклад названага стылю.

Функцыя будынка, як адной з архітэктурных дамінантаў магістралі, зрокава ўвасоблена праз вуглавую планіроўку. Галоўны фасад падзелены карнізам на ніжні (1-й паверх – руст, замкавыя камяні над ваконнымі праемамі) і верхні ярусы. Асноўная ўвага засяроджана на вуглавым аб'еме, дзе двума рызалітамі вызначана ніша цыліндрычнай формы. Яе галоўным элементам дэкору сталі каваные 3-частковыя парапеты на адкрытых лоджыях верхняга яруса. Цэнтральным элементам кожнай часткі з'яўляецца 5-канцовая зорка ў картушы, акружаным узорам на аснове спіраляў.

Зграбнасць структуры фасада надаюць рызаліты, вертыкалі якіх падтрыманы кесанаванымі атыкамі, і дуговы атык нішы, як самы высокі элемент будынка, пад якім размешчана «кропка факусоўкі» – замкавы камень над дзвярным праемам лоджыі.

Вуліца Ірынінская пачала фарміравацца ў пачатку XIX ст., найменне ў гонар княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч замацавалася за ей у канцы XIX ст. У 2013 г. гістарычная назва была вернута. Паводле архіўных крыніц, у даваенны час на месцы дома № 25 існаваў будынак, хутчэй за ўсе, пабудовы канца 1930-х гг. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ад яго засталіся толькі сцены. У 1945 г. іх перадалі заводу імя Кірава. Аўтарам праекта аднаўлення будынка стаў арх. Лукашук. Аднак толькі ў 1948 г. былі ўзгоднены ўсе дэталі – як канструктыўныя, так і дэкаратыўныя (від тынкоўкі, неабходнасць беларускай арнаментыкі, ажурных агародж лоджый). Аздабленне фасадаў захавалі ўмерана сціплым. На гэты момант дом быў перададзены фабрыцы «Камінтэрн». У 1950 г. на скрыжаванні вуліц Першамайскай (зараз – вул. Ірынінская) і Камсамольскай (пр. Леніна да 1960 г.) быў пабудаваны жылы дом. Першы паверх амаль цалкам быў адведзены пад крамы. І зараз будынак выкарыстоўваецца як жылы дом, з некалькімі крамамі і офісамі на першым паверсе.

image001.jpgВугал вул. Ірынінскай (дом №25), і пр. Леніна. Здымак 1950-х гг.

image002.jpgВугал вул. Ірынінскай (дом №25), і пр. Леніна. Здымак 2016 г.

image003.jpgВугал вул. Ірынінскай (дом №25), і пр. Леніна. Фрагмент фасада. Здымак 2016 г.

image004.jpgВугал вул. Ірынінскай (дом №25), і пр. Леніна. Фрагмент фасада. Здымак 2023 г.