вул. Камунараў, 4

Будынак кінатэатра імя М.І.Калініна,
г. Гомель, вул. Камунараў, 4

Кінатэатр імя М.І. Калініна ўяўляе аб'яднаны паміж сабой комплекс рознапавярховых аб’емаў. Гістарычная частка – трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Уваходная група аформлена праз лоджыю, якую абмяжоўваюць лесвічныя аб’емы. Яна мае чатыры аркі вышыней у два паверхі з прафіляваный ліштвой. Кожнай арцы на трэцім паверсе адпавядае акно з прафіляванымі сандрыкам і карнізам. Цэнтральныя падвоеныя аркі вядуць да падвоенных дзвярных праемаў, бакавыя – да вітрынных аконных праемаў. Над вокнамі і дзвярыма на ўзроўні другого паверха знаходзяцца круглыя вокны ў прафіляваных рамах. Уваходы ў лесвічныя аб’емы аздабляюць прамавугольныя дзесюдзепорты з барэльефамі караблеў.

Урачыстасці фасаду дадае развіты атык (парапет з балюстрадай, пояс іонікаў, стужка мадульенаў і квадратных філенгаў, што паўтараецца на сафітах). Сцены будынка апрацаваны неглыбокім рустам. Убранне бакавых фасадаў сціплае. Інтэр'еры глядзельнай залы і фае гістарычнай часткі таксама ўяўляюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць (напрыклад, мазаічнае пано «Народныя гулянні», мастакі М. Казакевіч, Дз. Алейнік). 

У 1911 – 1912 гг. на рагу вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая) і Мясніцкай (цяпер Камунараў) гомельскімі купцамі Шановічамі быў пабудаваны «Савой» – 3-павярховы шматфункцыянальны гасцінічны комплекс (праект арх. С.Д. Шабунеўскага). У ім быў і свой  кінатэатр – «Тэатр мастацтваў». У 1923 г. ен быў пераназваны ў гонар М.І. Калініна, які выступаў там з прамовай у глядзельнай зале ў 1919 г. (ў 1951 г. у гонар гэтай падзеі на фасадзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка). 

Гасцінічны компекс значна пацярпеў ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля яе заканчэння адноўлены быў толькі будынак кінатэатра (арх. У.М. Вараксін, 1951 г.). І ў экстэр'еры, і ў інтэр'еры прасочываўся ўплыў стылю класіцызм (паўкалоны і пілястры іанічнага ордэра ў фае, калоны кампазітнага ордэра ў глядзельнай зале, мадульены, іонікі, руст і інш.). У 1969 г. адбылася маштабная рэканструкцыя кінатэатра (арх. С.І. Пеўны) – было прыбудавана некалькі аб'емаў з новай глядзельнай залай, фае, рознымі дапаможнымі памяшканнямі.

image001.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Здымак 1960-х гг. Фотография 1960-х гг.

image002.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Інтэр'ер. Здымак 1950-х гг.

image003.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Цэнтральны ўваход. Фота 1970-х гг.

image004.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Фае. Здымак 1970-х гг.

image005.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Мазаічнае пано «Народныя гулянні» (мастакі М. Казакевіч і Дз. Алейнік) ў фае. Здымак 2011 г.

image006.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Здымак 2011 г.

image007.jpgВул. Камунараў. Будынак кінатэатра імя М.І. Калініна. Здымак 2023 г.