вугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна

Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума, г. Гомель, вугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна

Будынак каледжа – цагляны 3-павярховы аб'ем з сіметрычным размеркаваннем архітэктурных элементаў, развітым цокальным паверхам з буйным рустам – з'яўляецца ўзорам грамадзянскай архітэктуры 1950-х гг. Цэнтр галоўнага фасада вызначаны ўваходнай групай у выглядзе дэкаратыўнага партала, абмежаванага пілястрамі і завершанага лесвічным атыкам з барэльефам у выглядзе геральдычнага шчыта ў атачэнні сцягоў. Рытм фасаду надае чаргаванне шырокіх лапатак са стужкамі аконных праемаў. Флангі фасадаў аздоблены шырокімі пілястрамі. Фасады завершаны цягай і прафіляваным карнізам з кансолямі.

Каштоўнасць уяўляюць і інтэр'еры помніка. На цэнтральнай восі будынка размешчаны парадны лесвічны марш і вестыбюлі. Вестыбюльная група аформлена пілонамі з капітэлямі з акантамі і карнізамі з іонікамі і акантамі. Чыгунныя лесвічныя поручні аздоблены накладнымі разеткамі, пальметамі і іанічнымі завіткамі. У правай частцы будынка знаходзіцца актавая зала. Сцэна апраўлена прамавугольным парталам з ляпным бардзюрам. Дзве бронзавыя жырандолі замацаваны на дзвюх разетках-рашотках на столі. Сцены аздоблены пілястрамі, карнізамі і бронзавымі бра.

Распрацоўка рабочага праекта ў 1950 г. вялася ў Гомельскім філіяле «Белдзяржпраекта» пад кіраўніцтвам архітэктара Аляксандра Іванавіча Касякова. Згодна з энцыклапедыяй «Архітэктура Беларусі» праект тэхнікума здзейснены ў 1952 г. А.І. Касяковым у сааўтарстве з гомельскім архітэктарам Наталлей Рыгораўнай Калінічэнка. Яе подпісы змяшчаюцца на рабочых праектных лістах.

Ад пачатку распрацоўкі праекта вучэбнага корпуса да яго ажыццяўлення прайшло дзесяць год. У праект быў унесены шэраг змяненняў, якія былі звязаны са спрашчэннем архітэктурнага дэкору (гэта быў час «барацьбы з празмернасцямі»). Пры гэтым будынак захаваў стылевыя прыкметы «савецкага неакласіцызму», атрымаў урачысты выгляд і арганічна ўключыўся ў ансамбль плошчы Працы.

У 1969 г. на месцы старога будынка тэхнікума па вул. Кірава быў спраектаваны лабараторны корпус, які быў пабудаваны ў 1973 г. і злучаны з галоўным корпусам.

image001.gifМазураў Кірыл Трафімавіч (1914 – 1989) – выпускнік тэхнікума, дзяржаўны і партыйны дзеяч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы. У 1940-41 гг. – сакратар Гомельскага гаркама ЛКСМ, затым 1-ы сакратар Брэсцкага абкама ЛКСМ Беларусі. У 1953-56 гг. – Старшыня Савета Міністраў БССР. У 1956-65 гг. – першы сакратар ЦК КП Беларусі. Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР (1965 – 1978). Член Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС (1965-1978 гг.)

image002.jpgЧыжык Яўген Іванавіч (1938 г.н.) – выпускнік тэхнікума кандыдат тэхнічных навук, прафесар. Вынаходнік, аўтар патэнтаў. У 1992 – 2003 гг. - рэктар Магілеўскага тэхналагічнага інстытута, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

image003.jpgРыжанкоў Уладзімір Мікалаевіч (1945 – 1996) – выпускнік тэхнікума, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту БССР, заслужаны трэнер БССР. У 1990-95 гг. - старшыня Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па фізічнай культуры і спорце. 1995 – 1996 гг. – міністр спорту і турызму РБ.

image004.jpgМаркоўскі Міхаіл Піліпавіч – выпускнік тэхнікума, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік. Навуковы кіраўнік распрацоўкі тэхналогіі будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, падземнага грамадска-гандлевага «Сталіца», Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай (Мінск), шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна»  і іншыя.

image005.jpgВугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума. Здымак 1950 г.

image006.jpgВугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума. Здымак 1975 г.

image007.jpgВугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума. Здымак 2011 г.

image008.jpgВугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума. Здымак 2023 г.

image009.jpgВугал пл. Працы, 1 і пр. Леніна Будынак дарожна-будаўнічага тэхнікума.