пл. Прывакзальная, 3

Будынак чыгуначнага вакзала,
г. Гомель, пл. Прывакзальная, 3

Будынак чыгуначнага вакзала сіметрычнай кампазіцыі складаецца з дамінуючага цэнтральнага аб’ема і бакавых крылаў. Парадны ўваход цэнтральнага аб’ема акцэнтаваны порцікам з пілонамі, што ўпісаны ў трохчастковы арачны праем з апорай на пілястры, капітэлі якіх аздоблены аканфам, зоркамі і калоссем. Шкленне праема дробнае. Галоўны ўваход дадаткова фланкіраваны рызалітамі, абмежаванымі двухпавярховымі паўкалонамі, паміж якімі ў арачных нішах змешчаны скульптуры рабочага і сялянкі. На ўзроўні 2-га паверха праз увесь цэнтральны аб’ем праходзіць антаблемент. На 3-м паверсе рызаліты аформлены порцікамі з 4-х пілястраў. Капітэлі пілястраў сугучны капітэлям паўкалон. Цэнтральны аб’ем вянчае антаблемент і 5-вугольны атык з рэльефам савецкай дзяржаўнай сімволікі (герб і сцягі). Дамінантамі фасадаў бакавых крылаў выступаюць рызаліты з порцікамі кампазітнага ордэра пад трохвугольнымі франтонамі з арачнымі вокнамі і балконамі на другім паверсе. У афармленні фасадаў з боку чыгуначных пуцей выкарыстаны аналагічныя прыемы.

Мастацкую каштоўнасць маюць і інтэр'еры (мармур, вітражы, фрэскі, люстры і інш.), таксама пераважна з элементамі класіцызму (пілястры, паўкалоны, кесоны, разеткі і інш.). Над пляцоўкай параднага лесвічнага марша ў вестыбюлі цэнтральнага аб’ема ўстаноўлена скульптура У.І.Леніна. Абапал вестыбюля знаходзяцца касы, залы чакання, кафэ, гандлевыя кропкі і інш. У бакавых крылах размешчаны службовыя памяшканні, рэстаран.

У 1870 – 1980-я гг. праз Гомель прайшлі Лібава-Роменская і Палеская чыгункі, у сувязі з чым горад пачынае пераўтварацца ў буйны прамыслова-транспартны вузел. Вакзал Лібава-Роменскай чыгункі быў узведзены ў 1890-я гг. Сіметрычны па кампазіцыі будынак з акцэнтаванай цэнтральнай часткай быў дэкараваны элементамі барока і Рэнесансу. Падчас Вялікай Айчынай вайны вакзал быў разбураны. У 1946 – 1948 гг. на яго месцы быў узведзены новы ў стылі «сталінскага ампіру» (арх. К. Міцін, Дзяржпраект УССР), які кампазіцыйна паўтараў пабудову старога, але меў больш буйныя памеры. У 1964 г. на будынку была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар М.І. Калініна, які ў 1919 г. выступаў на мітынгу на станцыі Гомель, а ў 1990-я гг. у нішах рызалітаў замест інфармацыйных табло былі размешчаны скульптуры рабочага і сялянкі.

image001.jpgПрывакзальная плошча. Будынак чыгуначнага вакзала. Здымак 1920 – 1930х гг.

image002.jpgПрывакзальная плошча. Будынак чыгуначнага вакзала. Здымак 1950-х гг.

image003.jpgПрывакзальная плошча. Будынак чыгуначнага вакзала. Здымак 1968 г.

image004.jpgПрывакзальная плошча. Будынак чыгуначнага вакзала. Здымак 1975 г.

image005.jpgПрывакзальная плошча. Здымак 2020 г.

image006.jpgПрывакзальная плошча