Вул.Савецкая, 1

Будынак трохпавярховы, прамавугольны ў плане. Аб’ём гарызантальна падзелены зубчастым (паміж першым і другім паверхамі) і філянговым (паміж другім і трэцім  паверхамі) паясамі. Першы глухі масіўны паверх расчлянёны блендамі і кантрастуе з другім і трэццім паверхамі наяўнасцю вялікіх вітрынных вокнаў у арачным абрамленні. Вокны другога і трэцяга паверхаў – у ліштвах з пілястрамі з трохвугольнымі сандрыкамі. Асноўны фасад з галоўным уваходам з боку вуліцы Білецкага вылучаны руставанымі лапаткамі. Яны ж выкарыстаны і па вуглах дома. Будынак накрыты вальмавым дахам, на якім размешчаны парапетныя слупы, злучаныя металічнай агароджай. Унутраная планіроўка анфіладная. Інтэр’еры асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.

Будынак фабрыкі “Палесдрук” быў узведзены па праекце гомельскага архітэктара Яўгена Кірылавіча Торліна ў 1880-я гг. Першапачаткова тут размяшчалася гарадская Дума і ўправа. Пасля рэвалюцыі ў нацыяналізаваным збудаванні размясціліся паліграфічныя ўстановы, якія 21.12.1921 г. былі аб’яднаны ў Першую дзяржаўную тыпалітаграфію “Палескі друк”. З 1932-33 гг. прадпрыемства стала называцца Чырванасцяжнай дзяржаўнай тыпалітаграфіяй і картанажнай фабрыкай “Палесдрук”. У 1935 г. над двухпавярховым аб’ёмам дабудавалі трэці паверх фабрыкі.

З 1936 г. на фабрыцы працаваў інжынерам Цімафей Сцяпанавіч Барадзін, які ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі стварыў тут падпольную групу. На прадпрыемстве падпольна друкаваліся лістоўкі, бланкі пропускаў і іншыя дакументы для народных мсціўцаў. Ц.С. Барадзін быў арыштаваны гестапа і растраляны ў маі 1942 г. Для ўшанавання памяці Ц.С. Барадзіна на фабрычным будынку ў 1970 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Назва фабрыкі захоўвалася да распаду Савецкага Саюза, пасля чаго яна была рэарганізавана ў Рэспубліканскае паліграфічнае ўнітарнае прадпрыемства “Палесдрук”. З 7 кастрычніка 2004 г. у будынку размяшчаецца адкрытае акцыянернае таварыства “Палесдрук”.  З 2012 г. пачалося перамяшчэнне асноўнай вытворчасці на пляцоўку КІПУП «Сож», далучанага да ААТ “Палесдрук” у тым жа годзе. На сённяшні дзень большая частка памяшканняў будынка здаецца ў арэнду.

11.jpeg

Вул. Румянцаўская (зараз  – Савецкая). Будынак Гарадской думы. Паштоўка пачатку ХХ ст.

mill.jpg

Вул. Мільённая (зараз – Білецкага). Будынак Гарадской думы (справа). Паштоўка пачатку ХХ ст. 

33.jpg

На рагу вуліц Савецкай і Білецкага. Будынак фабрыкі “Палесдрук”. Здымак 1946 г. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

44.jpg

На рагу вуліц Савецкай і Білецкага. Будынак фабрыкі “Палесдрук”. Здымак 2011 г.