Вул.Савецкая, 13

Дом ўяўляе сабой чатырохпавярховы прамавугольны ў плане аб'ём сіметрычна-восевай пабудовы. Фасад гарызантальна падзяляецца карнізным поясам паміж першым і другім паверхамі. Будынак мае даволі высокі цокаль, які разруставаны пад буйны камень, як і плоскасць першага паверха. Архітэктурны дэкор дома стрыманы. У ім вылучаны балконы другога і трэцяга паверхаў. 3 абодвух бакоў яны акцэнтаваны лапаткамі, на якія абапіраюцца магутныя прафіляваныя карнізы на ўзроўні трэцяга паверха. Над імі знаходзяцца спараныя аконныя праёмы чацвёртага паверха ў прамавугольных ліштвах. Вокны другога паверха таксама аформлены прамавугольнымі прафіляванымі ліштвамі, падоўжанымі двума вузкімі лапаткамі. Яны накрыты прафіляванымі карнізамі і злучаны паміж сабой вузкай цягай. Пад дахам будынка праходзіць пояс дэнтыкул.

Вуліца Савецкая (былая Румянцаўская) – адна з галоўных магістраляў Гомеля. Яе фарміраванне пачалося ў ХVIII стагоддзі, а канчаткова яна склалася ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя. Значная частка будынкаў дарэвалюцыйнага часу сур’ёзна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не была адноўлена пасля яе заканчэння.

Як сведчаць картаграфічныя і фотаматэрыялы другой паловы 1940-х гг., адразу пасля вайны паміж дамамі з сучаснымі нумарамі 11 і 15 знаходзіліся цагляныя каробкі двух будынкаў. На іх месцы і быў узведзены ў 1958 г. жылы дом №13. Як і ў большасці пабудоў на галоўных магістралях Гомеля того часу, у яго архітэктурным дэкоры выкарыстаны элементы неакласіцызму. 3 1959 г. у адным з памяшканняў дома з боку вуліцы Савецкай пачаў працаваць хлебны магазін "Духмяны ", які дзейнічаў да канца 2010-х гг. 


Вул. Савецкая, дом №13 (другі злева). Здымак з альбома “Гомель в фотоиллюстрациях”, 1961 г.


Вул. Савецкая, дом №13. Здымак 2015 г.