Вул.Савецкая, 26

Лепшыя па архітэктуры збудаванні на мяжы XIX-ХХ стст. размяшчаліся на галоўнай вуліцы Гомеля – Румянцаўскай (зараз – Савецкай). Сярод прыкладаў архітэктуры такога кшталту – будынак Гомельскага грамадскага сходу або, інакш, Гарадскога клуба. У канструкцыі і дэкаратыўным аздабленні гэтага 3-павярховага цаглянага збудавання выкарыстаны матывы так званага цаглянага стыля. Адна з яго асаблівасцей – выкарыстанне цэглы і як матэрыяла, і як элемента ўпрыгожвання.

Зыходны праект будынка па вул. Савецкай, 26 не захаваўся, таму складана выявіць першапачатковы выгляд. Гэты прабел часткова кампенсуе пасляваенны абмерны чарцёж, які дазваляе прыблізна ўявіць даваенны від пабудовы. З яго вядома, што да нашага часу не захаваліся галоўны цэнтральны ўваход, завершаны аркай і замкавым каменем, вітрынныя вокны, размежаваныя лапаткамі, мудрагелістыя атыкі, што надавалі будынку зграбнасці.

Будынак мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, Т-падобную ў плане. Па вертыкалі галоўны фасад дзеліцца на цэнтральную частку і сіметрычныя бакавыя рызаліты, фланкіраваныя фігурнымі пілястрамі. Па гарызанталі фасад дзеліцца на два ярусы: 1-ы паверх са сціплым дэкорам – першы ярус, 2-і і 3-і паверхі – другі.

Вертыкаль рызалітаў вызначана дзвярнымі праёмамі з прафіляванай ліштвой, вышэй – падвоенымі вокнамі, фланкіраванымі лапаткамі з рустам (2-і паверх) і падвоенымі пілястрамі (3-і паверх), багата аздобленымі дэнтыкуламі. Рытм цэнтральнай часткі фарміруюць аконныя праёмы – вітрынныя па сярэдзіне і падвоеныя па краях. Кожная група абмежавана зубчатым (2-і паверх) ці аркатурным (3-і паверх) фрызам. Да яго зверху і знізу дапасуюцца арнаментаваныя філёнкі (2-і паверх) ці зубчатыя падваконнікі (3-і паверх). Вертыкальны дэкор паўтарае аздабленне рызалітаў. На 3-і паверсе пілястры дапаўняюць квадратныя філёнкі з касым плеценым крыжам. Шырокі фрыз з мадульёнамі і прафіляванымі мутуламі апярэзвае вулічны фасад. Мяжа з дахам агароджана невысокімі каванымі парэнчамі.

Дата будаўніцтва дома па Савецкай, 26 невядома. Аднак захаваліся будынкі ў аналагічнай стылістыцы і з дакладнай даціроўкай (вул. Савецкая, 1 – 1880-я гг., вул. Савецкая, 10 – 1894 г.) Акрамя таго, у кнізе Л.Вінаградава “Гомель. Яго мінулае і сучаснае” за 1900 г., распавядаецца пра тэатральныя пастаноўкі зімой у зале грамадскага сходу. Гэта дае падставу даціраваць дом па Савецкай, 26, 1880-90-мі гг.

У 1913 г. будынак быў уласнасцю домаўладальніка Цэйтліна (каляндар-даведнік “Увесь Гомель”), у 1915 г. – ужо Марголіна (даведнік “Гомель і яго павет”). У дадзеных крыніцах таксама адзначана, што ў гэтым доме размяшчалася шмат гандлёва-бытавых устаноў і кантор. У міжваенны час у будынку знаходзіўся савецкі клуб. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1952 г., быдынак быў адноўлены і прыстасаваны для Гомельскага гарадскога камітэта кампартыі. У 1990-я гг. тут размяшчаўся радыялагічны інстытут. На сенняшні дзень – Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. Герцэна.


Совет

Вул. Савецкая, дом № 26 (першы справа). Здымак 1960-х гг.

HPIM1379

Вул. Савецкая, дом № 26. Здымак 2015 г.