Навіны

Нацыянальная прэм'ера гістарычнага фільма "На другім беразе" адбудзецца 14 верасня

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная прэм'ера гістарычнай драмы "На другім беразе" адбудзецца 14 верасня ва ўсіх кінатэатрах Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" Ігар Кузняцоў.

У некаторых рэгіёнах прайшлі ўжо спецпаказы. Фільм, у прыватнасці, убачылі ў Гарадку Віцебскай вобласці ў час святкавання Дня беларускага пісьменства, у Гомелі на адкрыцці абноўленага кінатэатра "Кастрычнік".

Увесь бягучы тыдзень будзе прэм'ерны. Асноўнае мерапрыемства, на якім прэзентуюць фільм, адбудзецца ў Мінску 14 верасня ў кінатэатры "Дом кіно".

Як расказала першы намеснік генеральнага дырэктара УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя, у "Доме кіно" фільм прадставіць творчая група з удзелам рэжысёра Андрэя Хрулёва і акцёра Данііла Чупа, які выканаў адну з галоўных роляў.

Карціна "На другім беразе" раскажа чуллівую гісторыю аб падзеях 1925 года ў Заходняй Беларусі, аб часах партызанскай вайны і спробах беларусаў адстаяць уласную культуру, мову, веру і царкву.

"Я двойчы прадстаўляў гэты фільм у час спецпаказаў. Пасля праглядаў гледачы маглі паразмаўляць з артыстамі, у тым ліку Святланай Нікіфаравай, Ігарам Падлівальчавым, якія сыгралі адны са значных роляў. Пасля паказу людзі заставаліся, каб прызнацца: фільм ім спадабаўся. Там ёсць трагізм, дабро і праўда, якія перамагаюць зло", - адзначыў Ігар Кузняцоў.-0-