Вул.Савецкая, 14

Будынак гасцініцы “Сож” – цагляны, са складанай канфігурацыяй ў плане, з аб’ёмным кроквенным дахам; частка забудовы мае склеп. У рашэнні фасада цэнтральнага трохпавярховага аб’ёма (з боку вул. Савецкай) была шырока выкарыстана архітэктурная пластыка: паяскі, карнізы з мадульёнамі, аконныя абрамленні, падваконныя і надваконныя цягі, рустоўка сцен 1-ага паверха, руставаныя лапаткі, ацікі, гірлянды. Цокаль з гладкай паверхняй у верхняй частцы абмежаваны профілем-валам. На трэцім паверсе маюцца балконы са сталёвай агароджай мастацкага малюнка. Пластыка фасадаў трохпавярховых сіметрычных прыбудоў больш стрыманая, але назіраецца стылістычны працяг праз карніз з мадульёнамі, паясок, падваконныя цягі, рустоўку сцен першага паверха. Архітэктурнае рашэнне будынка №14 па вул. Савецкай з’яўляецца прыкладам арганічнага ўзаемадзеяння з забудовай вуліцы, што склалася раней.

З гарадскіх дарэвалюцыйных даведнікаў вядома, што ў пачатку ХХ ст. прыблізна на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца аб’ём гасцінічнага будынка, па вул. Траецкай (зараз – вул. Сялянская) знаходзілася Траецкая царква, а па вул. Румянцаўскай (зараз – вул. Савецкая) размяшчаўся дом Фельдзенбаума, у якім дзейнічала гасцініца “Пасаж”. Пра лёс будынка пасля 1917 г. вядома тольки, што ў 1922 г. у ім знаходзіліся ўстановы Губернскага Савета народнай гаспадаркі і значыўся ён пад №18. Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак быў адноўлены. Ускосным пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца звесткі за 1947 г. аб узнаўленні сцен і перакрыццяў былой гасцініцы “Пасаж” па вул. Савецкай, але ўжо за №22.

Паводле праекта 1947 г. па вул. Савецкай, 18 (зараз – частка дома №22), узводзіўся трохпавярховы аб’ём, што сіметрычна фланкаваў узнятыя да ўзроўню 3 паверха сцены і перакрыцці дома №22, адносна якіх абодва флангі выступалі неглыбокімі рызалітамі. Бакавы фасад будынка быў звернуты да суседняга (цяпер №12) дома і збольшага паўтараў малюнак фасада. У выніку значная частка будынка паглыбілася ў двор, утвараючы Г-падобны план усёй забудовы.

Цэнтральная гасцініца г. Гомеля здавалася ў эксплуатацыю ў два этапы.

7 лістапада 1948 г. была ўведзена 1-ая чарга, а 20 мая 1950 г. будынак быў здадзены поўнасцю. Пры гасцініцы для патрэб пастаяльцаў меліся кравецкая майстэрня (прасоўка і дробны рамонт адзення), гараж на 3 машыны.

У 1956 г. распачалося будаўніцтва 4 секцый гасцініцы на месцы знесенага аб’ёму былой Траецкай царквы. З прычыны гэтага Г-падобны план забудовы быў ператвораны ў П-падобны з выхадам на вугал вул. Сялянскай. Архітэктарам праекта стала В. Бурлака. 11 сакавіка 1959 г. на пасяджэнні Гомельскага гарвыканкама было вырашана прысвоіць гасцініцы найменне “Сож”. Акт дзяржпрыёмкі быў падпісаны ў 1961 г.

 

Вул. Савецкая. Забудова ў раёне Траецкай царквы. Паштоўка пачатку ХХ ст.


Вул. Савецкая. Аэраклуб (будынак былой Траецкай царквы). Здымак 1930-х гг.


Вул. Савецкая. Будынак цэнтральнай гасцініцы. На заднім плане бачны будынак былой Траецкай царквы. Фота 1950-х гг.

На рагу вул. Сялянскай и Савецкай. Будынак цэнтральнай гасцініцы “Сож”. Здымак з альбома “Гомель в фотоиллюстрациях”, 1961 г.