Вул.Савецкая, 24

Двухпавярховы будынак размешчаны па чырвонай лініі вул. Савецкай, бакавымі фасадамі прымыкае да іншых будынкаў. Асіметрычная кампазіцыя фасада пабудавана за кошт дзялення лапаткамі і пілястрамі па вертыкалі, паясамі і карнізамі па гарызанталі. Рытм сцяны галоўнага фасада арганізаваны пры дапамозе лапатак: на першым паверсе яны аздоблены рустам, на другім – кампазіцыямі з неглыбокіх ніш складанай формы. У нішах, утвораных лапаткамі, на першым паверсе размешчаны вокны-вітрыны, на другім – парныя вокны, падзеленыя невялікімі (па вышыні акна) пілястрамі. Скляпенні аконных праёмаў другога паверха маюць невялікі выгіб і дэкараваны замкавым каменем. Падваконнікі ў выглядзе парных прамавугольных ніш, ажурныя філёнгі-ўстаўкі лапатак і асновы пілястраў аб'яднаны ў адзін пояс.

Уваход у будынак змешчаны адносна цэнтра ўправа і таксама выдзелены лапаткамі. Паміж уваходам і правым вуглом будынка размешчана здвоенае акно. Першапачаткова на гэтым месцы знаходзіўся праезд ва ўнутрыдваровую тэрыторыю. Над ўваходам у будынак на месцы адзіночнага акна калісьці змяшчаўся балкон, пліта якога аданачасова выконваў ролю казырка.

Візуальнай мяжой паміж паверхамі служыць вузкі прафіляваны карніз. Фасад будынка вянчае складаны аркатурны карніз, які мае патаўшчэнні ў месцах прымыкання лапатак. Верагодна, вось, на якой размяшчаўся ўваход у будынак, на ўзроўні даху вылучалася атыкам, а лапаткі завяршаліся тумбамі, паміж якімі была размешчана металічная агароджа.

Вуліца Савецкая (да 1919 г. – вул. Румянцаўская) у другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя становіцца галоўнай вуліцай города, на якой канцэнтравалася яго асноўнае гандлёва-прадпрымальніцкае і грамадскае жыццё. У 1-3-х- павярховых будынках, што належылі прыватным асобам, акрамя жылля, размяшчаліся шматлікія магазіны, гасцініцы, установы грамадскага харчавання. Гэта былі так званыя даходныя дамы, першы паверх якіх займалі гандлёва-гаспадарчыя прадпрыемствы, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ў арэнду як кватэры. Такую функцыю выконваў і дом № 24 па вул. Савецкай, які быў узведзены на мяжы XIX-ХХ стагоддзяў. Першы паверх будынка меў грамадскае прызначэнне, другі быў жылым.

Падчас Вялікай Айчынная вайны ад будынка засталася толькі каробка. У 1948 г. ён быў адноўлены, пры гэтым яго знешні выгляд некалькі змяніўся. Яго фасад у адрозненні ад пачатковага стаў асіметрычным. Пасля аднаўлення і да 1960 г. у будынку знаходзіўся сельскагаспадарчы банк. Зараз у ім размяшчаюцца розныя ўстановы.


Wehrmacht in Russland Russia Gomel

Вул. Савецкая, дом №24. Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”

soviet24

Вул. Савецкая, дом №24. 2015 г.