Вул.Савецкая, 36
Дом чатырохпавярховы цагляны з паўцыркульным вуглавым закругленнем. Ён злучаны з суседнім домам па вул. Камсамольскай і ўтварае адзіны аб'ём. Аб'ёмна-прасторавае рашэнне і дэкаратыўнае афармленне пабудовы выканана з яўнымі стылістычнымі рысамі панаваўшага ў той час напрамку гістарызму.
Галоўны фасад, звернуты ў бок вуліц Савецкай і Камсамольскай, урачыста дэкарыраваны з выкарыстаннем класіцыстычных матываў. Акцэнт зроблены на вуглавую частку, якая на ўзроўні трэцяга і чацвёртага паверхаў вылучана шырокім стылізаваным порцікам з шасцю паўкалонамі іанічнага ордэра пад ступенчатым прамавугольным атыкам і фрызам з рэльефных ляпных гірлянд. Вертыкальна фасады падзяляюцца трыма неглыбокімі рызалітамі. Адзін рызаліт размешчаны з левага боку фасада па вул. Савецкай, два іншых – па абодва бакі з боку вул. Камсамольскай. На ўзроўні трэцяга і чацвертага паверхаў яны завяршаюцца стылізаванымі порцікамі з балконамі, франкіраванымі іанічнымі паўкалонамі і накрытымі трохвугольнымі франтонамі з фрызам з рэльефных ляпных гірлянд.
Першыя два паверхі вулічных фасадаў гарызантальна аддзелены ад верхніх паверхаў прафіляванай цягай, а іх рустоўка імітуе буйную кладку. Першы паверх вылучаецца рытмічным чаргаваннем арачных і прамавугольных вітрынных акон і ўваходных дзвярэй гандлёвых устаноў. Яны аформлены замкавым каменем, архівольтам з рустам, сандрыкамі і мадульёнамі.
З левага боку будынка размешчаны ўезд на дваровую тэрыторыю ў выглядзе двух сіметрычна размешчаных парталаў, адзін з якіх злучаны з пабудовай. Парталы маюць арачныя праёмы з металічнымі брамамі ў выглядзе рашоткі і люнеткамі зверху. Дэкор парталаў выкананы ў адзіным стылі з першым паверхам дома.
Раней на даху дома па абодва бакі кожнага франтона прысутнічалі завяршэнні ў выглядзе абеліскаў, якія цяпер страчаны. Кампазіцыйна дом №36 утварае адзіны архітэктурны ансамбль з домам пад №38.
Вуліца Савецкая (былая Прабойная, Шашэйная, Румянцаўская) – кампазіцыйны стрыжань Гомеля. Яе фарміраванне пачалося ў XVIII стагоддзі, а канчаткова яна склалася ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя. Падчас Вялікай Айчыйнай вайны значная частка збудаванняў была знішчана. На месцы дома №36 да вайны знаходзіўся будынак прыватнай гімназіі Ратнера. Ён вельмі пацярпеў падчас вайны і не быў адноўлены. На яго месцы ў 1952 г. па праекце архітэктара Валянціна Філіпавіча Ждановіча ўзводзіцца жылы дом, на першым паверсе якога размясціліся аб’екты сацыяльнага і бытавога прызначэння. З 1960-х гг. у адным з памяшканняў з боку вуліцы Савецкай пачала працаваць крама дзіцячага адзення "Белгандальадзенне". Доўгі час на вуглу дома працаваў хлебны магазін "Сонечны". Памяшканні з другога па чацвёрты паверх, як і раней, выкарыстоўваюцца ў якасці жылых кватэр.
На рагу вуліц Леніна (Камсамольскай) і Савецкай. Будынак былой гімназіі Ратнера. Здымкі 1940-х гг.
На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 36 (Камсамольскай, 2). Здымак 1960-х гг.
На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 36 (Камсамольскай, 2). Паштоўка 1960-х гг.
На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 36 (Камсамольскай, 2). Здымак 2013 г.