СТРАКАЛАЎ ПЁТР СЯМЁНАВІЧ



1920 - 1997
Герой Савецкага Саюза

Нарадзіўся 17 кастрычніка 1920 годзе ў вёсцы Дубовае (цяпер Чаплыгінскі раён Ліпецкай вобласці).

Ва Узброеных Сілах з верасня 1940 - наводчык-чырвонаармеец, а з верасня 1942 - камандзір аддзялення паветрана-дэсантнай брыгады. Скончыў Курсы парторг-камсорг батальёнаў, курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі палітсастава Паўднёвай групы войскаў, Ваенна-палітычную акадэмію ім. У.І. Леніна.

У баях за вёску Мішурын Рог мінамётчык, сяржант Пётр Стракалаў знішчыў 120 фашыстаў. У іншай аперацыі, разведваючы агнявыя кропкі праціўніка, Стракалаў з трыма разведчыкамі трапіў у акружэнне. Але смелымі дзеяннямі яны знішчылі немцаў. Стракалаў вывеў групу разведчыкаў з акружэння і даставіў каштоўныя звесткі камандаванню часткі.

За гэтыя баявыя подзвігі Стракалаву Пятру Сямёнавічу Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 20 снежня 1943 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля Перамогі Пётр Сямёнавіч Стракалаў працягнуў службу ў Савецкай Арміі. Ён скончыў Ваенна-палітычную акадэмію ў 1953 годзе. З 1968 гады палкоўнік Стракалаў - у запасе. Жыў у горадзе Гомелі. Працаваў на аўтабазе аблспажыўсаюза, у абласным бюро прапаганды ведаў аб помніках гісторыі і культуры Гомельскага аблсавету. Таксама быў членам навукова-метадычнай рады таварыства «Веды» і ЦК ДТСААФ Беларусі. Ён шчодра дарыў час на зносіны з моладдзю. З'яўляючыся дырэктарам клуба будучага афіцэра, дзе займалася больш за сто пяцьдзесят чалавек, рыхтаваў іх да паступлення ў ваенныя вучылішча.

П.С. Стракалаў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I і II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. На будынку школы ў вёсцы Дубовае і ў горадзе Жалезнагорск устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар Героя. 

Стракалаў Пётр Сямёнавіч - Ганаровы грамадзянін Шатурскага раёна.