Навіны

Гомельскі аблсавет зацвердзіў на пасадзе старшыні аблвыканкама Івана Крупко

На сесіі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў зацверджана на пасадзе старшыні аблвыканкама кандыдатура Івана Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў у час прадстаўлення новай кандыдатуры кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Іван Крупко прайшоў даволі працяглы працоўны шлях, займаў шэраг пасад у кіраўніцтве АПК рэгіёнаў, а таксама з'яўляўся кіраўніком райвыканкамаў. Амаль два гады працаваў на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. "Паказаў сябе даволі кампетэнтным кіраўніком, ім ствараліся ўмовы для развіцця аграпрамысловага комплексу. За непрацяглы перыяд асвоіў практычна ўсе напрамкі, вывучыў рэгіёны, у тым ліку і добра ведае абстаноўку ў Гомельскай вобласці, - сказаў Ігар Сергяенка. - З улікам вышэйназванага Прэзідэнтам было прынята рашэнне назначыць Івана Іванавіча Крупко старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта".

"Іван Іванавіч усебакова ўзважвае і абдумвае кіраўніцкія рашэнні, заўсёды раіцца з падначаленымі, калегамі, кіраўнікамі, імкнецца глыбока вывучаць сітуацыю на кожным напрамку і затым прымае рашэнне. У сваёй дзейнасці кіруецца дзяржаўнымі інтарэсамі", - дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ён канстатаваў, што Гомельская вобласць з'яўляецца рэгіёнам краіны, які дынамічна развіваецца. Уклад рэгіёна ў рэспубліканскім аб'ёме складае 20 працэнтаў прамысловай вытворчасці і каля 14 працэнтаў - сельскагаспадарчай. "Думаю, што вопыт і прафесіяналізм Івана Іванавіча Крупко дадуць магчымасць надаць імпульс развіццю вашага рэгіёна", - сказаў Ігар Сергяенка.

Паводле яго слоў, нараўне з праблемамі ў АПК, у рэгіёне ёсць яшчэ шэраг задач у розных галінах эканомікі, сацыяльнай сферы. І для гэтага новаму губернатару яшчэ трэба будзе сфарміраваць згуртаваную каманду. Гэта адна з тых задач, якія ставіў кіраўнік дзяржавы пры назначэнні новага старшыні аблвыканкама. "Лічу, што Івану Іванавічу разам з вамі па сілах забяспечыць далейшае дынамічнае развіццё Гомельскай вобласці", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

У сваю чаргу Іван Крупко заявіў, што галоўнай мэтай сваёй работы на новай пасадзе бачыць паляпшэнне якасці жыцця людзей. У Гомельскай вобласці зроблена шмат што, але трэба будзе зрабіць яшчэ больш. Я буду абапірацца на кожнага з вас асобна і на ўсіх жыхароў Гомельскай вобласці. Лічу, што мы тыя задачы, якія ставіць перад намі кіраўнік дзяржавы, можам выканаць толькі пры зладжанай рабоце ініцыятыўнай каманды. Лічу, што ў нас усё атрымаецца, - падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi