Навіны

Гомельскі завод "Камунальнік" асвоіў вытворчасць станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза

2 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Гомельскі завод "Камунальнік" асвоіў вытворчасць станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза. Доследны ўзор прэзентавалі 1 чэрвеня на прадпрыемстве ў час сустрэчы са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко і памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гомельскай вобласці Мікалаем Рагашчуком, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзіслаў Кавалёў адзначыў: блочна-модульны комплекс па ачыстцы пітной вады "ГЗК-Ручай" - уласная распрацоўка завода. Ад моманту, калі была пастаўлена задача губернатара, да атрымання доследнай партыі і дэкларацыі прайшло менш як тры месяцы.

Завод мае тэхнічныя магчымасці для выпуску станцый рознай прадукцыйнасці, падкрэсліў Уладзіслаў Кавалёў. Так, прадукцыйнасць доследнага ўзору - 10 куб.м у гадзіну. Яго маюць намер устанавіць у в. Чкалава Гомельскага раёна. Плануюцца ўжо і наступныя аб'екты - у Бальшавіку, Прыбары.

Паводле слоў кіраўніка, прадпрыемства можа вырабіць і забяспечыць поўнасцю Гомельскую вобласць такімі станцыямі розных характарыстык для рэалізацыі праграмы "Чыстая вада". "Паводле нашых падлікаў, у год мы зможам вырабляць 50 станцый. Будзе задача большая - будзем вырабляць больш", - запэўніў ён. 

Важнай перавагай гомельскай станцыі гендырэктар назваў яе аўтаматызацыю: "На станцыі ёсць поўная сістэма аўтаматычнага рэгулявання з дапамогай верхняга ўзроўню. Гэта значыць, чалавек, які сядзіць, напрыклад, у Гомелі, Мінску, можа паглядзець, што адбываецца на станцыі і адрэгуляваць пры неабходнасці". Уладзіслаў Кавалёў дадаў, што аўтаматычнае рэгуляванне ўсё часцей становіцца асноўнай умовай заказчыкаў. 

Іван Крупко задаў пытанне аб канкурэнтаздольнасці гомельскай станцыі. "Гэта немалаважны фактар. Мы ўдзельнічалі ў некалькіх конкурсах, правялі маніторынг цэн. Сярэдняя цана ў нас не адрозніваецца ад сярэдняй цаны па гэтых станцыях. Мы ў сегменце першага-другога месца па цане (па прымальнасці. - Заўвага БЕЛТА)", - удакладніў гендырэктар. 

Ён падкрэсліў, што для вытворчасці станцыі падбіраюцца матэрыялы, якія вырабляюцца ў Беларусі або краінах - надзейных і правераных партнёрах, каб пазбегнуць імпартазалежнасці. 

"Стаіць задача - да 2025 года поўнасцю забяспечыць рэгіён чыстай, якаснай вадой", - нагадаў Іван Крупко. Гендырэктар дзяржаўнага аб'яднання "Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці" Дзмітрый Згурскі праінфармаваў, што на гэты год у планах увесці 55 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза. Пяць ужо ўвялі. Цяпер 20 станцый у рабоце. 

Губернатар падкрэсліў: важна па кожным аб'екце, якія ўключаны ў праграму на пяцігодку, адпрацаваць усе нюансы, у тым ліку па якасці станцый, канкурэнцыі па цане і г.д. Ён таксама перакананы, што прадукцыя гомельскага "Камунальніка" можа быць запатрабавана за мяжой. 

"Галоўнае - здароўе чалавека. Чым чысцей вада, тым менш захворванняў", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. 

Адкрытае акцыянернае таварыства "Гомельскі завод "Камунальнік" - адзін з буйнейшых вытворцаў асартыменту абсталявання і комплексных рашэнняў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску вадагрэйных катлоў, якія працуюць на розных відах паліва, кацельнага і проціпажарнага абсталявання. У пераліку прадукцыі таксама блочна-модульныя (транспартабельныя або перасовачныя) кацельні і электракацельні. Прапануецца комплекс паслуг ад стварэння праекта да здачы кацельні пад ключ. Прадукцыя завода эксплуатуецца як у Беларусі, так і за мяжой.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi