Да зместу
Шрыфт
Колер
Графіка
Кернінг
Інтэрвал
Гарнітура

Навіны

Карпенка: падпісацца можна за ўсіх семярых прэтэндэнтаў у прэзідэнты, але ёсць нюансы з рэгістрацыяй

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадзяне Беларусі могуць пакінуць свае подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты адразу некалькіх прэтэндэнтаў. Аб гэтым расказаў журналістам старшыня ЦВК Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

ЦВК зарэгістравала сем ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты, і з 7 лістапада ў краіне стартуе этап збору подпісаў.

"Грамадзянін мае права паставіць свой подпіс усім сямі прэтэндэнтам, якія сёння зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. Гэта значыць, на выбарах кожны будзе рабіць адзіны выбар, калі будзе ставіць птушачку ў бюлетэні. А ў перыяд збору подпісаў грамадзянін мае права паставіць подпісы за ўсіх семярых прэтэндэнтаў. Законам гэта не абмежавана", - сказаў Ігар Карпенка.

Аднак ёсць нюансы, дзе можна пакінуць такія подпісы, калі чалавек робіць гэта не па месцы рэгістрацыі. Напрыклад, жыхар Мінска паехаў у Гомель і яму прапанавалі там пакінуць подпіс за таго ці іншага прэтэндэнта. "Для гэтага трэба, каб гэты падпісны ліст быў аформлены каардынатарам па горадзе Мінску. Гэта значыць, калі ў Гомелі вы будзеце ставіць подпіс у падпісны ліст, вы павінны ўважліва паглядзець, гэта каардынатар па горадзе Мінску ці ўсё ж такі ў Гомелі вы ў нейкі раён прыехалі, і вас упішуць сярод гамяльчан. Таму ёсць свае нюансы і камісіі на гэта звяртаюць увагу", - прывёў кіраўнік ЦВК канкрэтны прыклад.

Журналісты ўдакладнілі, ці варта гэта разумець так, што лепш падпісвацца за кандыдатаў па месцы сваёй рэгістрацыі. "Пажадана так", - адказаў ён.-0-