Навіны

Міністэрства аховы здароўя: прыняты дадатковыя меры для недапушчэння зніжэння даступнасці меддапамогі

Прыняты дадатковыя меры для недапушчэння зніжэння даступнасці меддапамогі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, каменціруючы загад нумар 1318 ад 22 кастрычніка 2021 года "Аб змяненні загада нумар 900 ад 21 ліпеня 2021 года".

У адпаведнасці з эпідэміялагічнай сітуацыяй спецыялісты Міністэрства аховы здароўя вядуць штодзённы маніторынг перапрафілявання ложкавага фонду. За апошні тыдзень праведзена дадатковая работа па дэталізацыі аб'ёмаў планавай медыцынскай дапамогі. У рэгіёнах і Мінску распрацаваны планы па захаванні аб'ёмаў аказання планавай медыцынскай дапамогі.

"Частка бальнічных арганізацый аховы здароўя перапрафіліравана ў інфекцыйныя шпіталі, аптымізавана работа паліклінік. Амбулаторна-паліклінічная дапамога пераарыентавана на аказанне дапамогі дома, арганізавана выязная форма работы з інфекцыйнымі пацыентамі і іх кантактамі", - адзначылі ў прэс-службе.

У амбулаторна-паліклінічных арганізацыях прыняты дадатковыя меры, каб не дапусціць зніжэння даступнасці меддапамогі, у першую чаргу пажылым асобам і інвалідам. Арганізаваны тэлефонныя лініі для кансультацый па пытаннях інфекцыі COVID-19 і заказу рэцэптаў на лекавыя прэпараты. Пажылому насельніцтву і інвалідам рэкамендуецца пры пагаршэнні самаадчування выклікаць урача дадому. Для пажылога насельніцтва і інвалідаў арганізаваны забор біялагічных матэрыялаў для лабараторных даследаванняў і правядзенне электракардыяграфіі дома. Акрамя таго, праводзіцца выпіска рэцэптаў пацыентам з хранічнай паталогіяй і інвалідам з дастаўкай іх па месцы пражывання пацыента.

У паліклініках можна здаць агульныя аналізы крыві і мачы, вызначыць узровень глюкозы крыві, правесці флюараграфічнае і электракардыяграфічнае даследаванні непасрэдна ў дзень звароту, што выключае паўторны зварот.

Загад рэгламентуе аказанне планавай стаматалагічнай дапамогі, скрынінгаў раку асноўных лакалізацый, правядзенне дыспансерных медаглядаў людзей, якія перанеслі інфекцыю COVID-19, пацыентаў з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы з высокай рызыкай ускладненняў, пацыентаў з перадапухліннымі захворваннямі з высокай рызыкай развіцця анкалагічных захворванняў.

Праводзяцца абавязковыя медыцынскія агляды працуючых у шкодных умовах і работнікаў чыгуначнага транспарту агульнага карыстання, якія забяспечваюць непасрэдна перавозачны працэс.

Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, спецыялізаваныя бальніцы ў рэгіёнах прадоўжаць аказваць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу пацыентам з неінфекцыйнай паталогіяй, у тым ліку з хваробамі сістэмы кровазвароту, анкалагічнымі захворваннямі, цукровым дыябетам і іншымі ў поўным аб'ёме.

У прэс-службе падкрэслілі: прынятыя меры забяспечаць устойлівую і стабільную работу арганізацый аховы здароўя рэспублікі ў складаных умовах пандэміі каранавіруснай інфекцыяй.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi