Навіны

Мінпрацы: сям'я заўсёды знаходзіцца ў цэнтры клопату дзяржавы

Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сям'я як ячэйка грамадства заўсёды знаходзіцца ў цэнтры клопату дзяржавы. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння моладзь спрабуе адкласці стварэнне сям'і і нараджэнне дзяцей на больш позні тэрмін. У маладых людзей на першы план выходзіць кар'ера. Важна менавіта гэтай мэтавай аўдыторыі паказаць, што сям'я - гэта цудоўна. У Беларусі змяняецца заканадаўства, каб сем'і маглі сумяшчаць сямейныя і бацькоўскія абавязкі з працоўнай дзейнасцю. У нас з'яўляюцца гібкія формы работы: напрыклад, можна працаваць няпоўны рабочы дзень", - расказаў Валерый Кавалькоў.

У Працоўным кодэксе ёсць глава, прысвечаная дыстанцыйнай рабоце, дадаў ён. "Маці, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, можа весці працоўную дзейнасць. Пры гэтым калі такая працоўная дзейнасць ажыццяўляецца менш як на палавіну стаўкі, дапамога па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў не абмяжоўваецца. Маладая маці можа і працаваць, і атрымліваць падтрымку ад дзяржавы", - падкрэсліў намеснік міністра.

"Не так даўно мы ўвялі бацькаўскі водпуск. Наймальнік абавязаны прадаставіць бацьку дзіцяці да дасягнення ім узросту 6 месяцаў 2 тыдні адпачынку. Пакуль гэта неаплатны водпуск, але па рашэнні калектыўнага дагавора такі водпуск можа быць аплатным", - дадаў Валерый Кавалькоў.

Паводле яго слоў, сям'я як ячэйка грамадства заўсёды знаходзілася ў цэнтры клопату дзяржавы. "Прычым гэта не толькі матэрыяльная падтрымка (выплата ўсялякіх дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей), гэта і дапамога ў вырашэнні жыллёвых праблем. Сёння сям'я, якая выхоўвае траіх і больш дзяцей, практычна бясплатна можа палепшыць свае жыллёвыя ўмовы", - рэзюмаваў намеснік міністра.-0-

https://blr.belta.by/society/view/minpratsy-sjamja-zausedy-znahodzitstsa-u-tsentry-klopatu-dzjarzhav...