Да зместу
Шрыфт
Колер
Графіка
Кернінг
Інтэрвал
Гарнітура

Навіны

Моцныя рэгіёны, падтрымка студэнцкіх сем'яў і моладзі. Качанава паразмаўляла з калектывам ГомДМУ

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла двухгадзінную сустрэчу з выкладчыкамі і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчы ўздымаліся пытанні самага рознага плана. Абазначаны і міжнародны парадак дня, і дзяржаўны, а таксама хвалюючыя студэнтаў і педагогаў тэмы.

Сярод студэнтаў і выкладчыкаў ГомДМУ, якія скарысталіся магчымасцю задаць пытанне ля адкрытага мікрафона - дзве шматдзетныя маці, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю. У адной - трое дзяцей, у другой - пяцёра. Яны падзякавалі кіраўніцтву ўніверсітэта і краіны ў цэлым за падтрымку шматдзетных сем'яў. Таксама студэнткі пацікавіліся перспектывамі атрымання для такіх бацькоў вышэйшай адукацыі на бясплатнай аснове.

Іна Клюшнікава - студэнтка другога курса лячэбнага факультэта - разам з мужам выхоўвае трое дзяцей: старэйшай 14 гадоў, а малодшым двайнятам - хутка споўніцца чатыры.

"Я атрымліваю другую вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Атрымала спецыяльнасць інжынера ў Беларуска-расійскім універсітэце, але мне заўсёды падабалася медыцына, хацела рэалізавацца ў гэтай сферы. У юнацтве паступала, але не склалася, потым нарадзіла дзяцей. І вырашыла для сябе: цяпер або ніколі. А хутка і старэйшая дачка таксама будзе паступаць у Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт, займаецца ў класе з хіміка-біялагічным ухілам, магчыма, будзем звяртацца да рэпетытараў. Уся нагрузка кладзецца на майго мужа - толькі ён адзін працуе", - растлумачыла сітуацыю студэнтка.

Старшыня Савета Рэспублікі выказала захапленне шматдзетнымі мамамі, а зала ўзнагародзіла іх апладысментамі. Спікер пацікавілася ў студэнтак, ці былі ў іх дзеткі, калі яны паступілі ва ўніверсітэт, спытала, як ім вучыцца. Абедзве шматдзетныя маці адказалі, што сумяшчаць сям'ю і вучобу няпроста, але яны стараюцца.

"Такія прапановы (аб атрыманні для шматдзетных бацькоў вышэйшай адукацыі на бясплатнай аснове. - Заўвага БЕЛТА) гучаць упершыню. Трэба падумаць над гэтым", - сказала Наталля Качанава.

У цэлым тэма падтрымкі студэнцкіх сем'яў вельмі актуальная, падкрэсліла спікер. "Гэта павінна быць асноватворным і ключавым: і дашкольныя ўстановы, і жыллё, і іншыя пытанні", - сказала яна.

Таксама Наталля Качанава дала наказ будучым маладым спецыялістам: "Любіць людзей - гэта асноўнае, паверце. Вельмі важна слухаць кожнага чалавека, адносіцца да яго па-чалавечы. І другое: не ведаеце нечага, не атрымліваецца - парайцеся з тым, хто ведае".

Ішла размова і аб развіцці моцных рэгіёнаў. Гэта, абазначыла спікер, - адзін з прыярытэтаў у рэспубліцы. "Вядома, трэба, каб людзі жылі і працавалі ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, каб мы не сцягвалі ўсе працоўныя рэсурсы ў вялікія гарады, абласныя цэнтры і горад Мінск. Нам трэба развіваць усе населеныя пункты!" - акцэнтавала Наталля Качанава.

Падводзячы вынікі сустрэчы ў размове з журналістамі, спікер асабліва адзначыла магчымасці вучэбнага цэнтра практычнай падрыхтоўкі і сімуляцыйнага навучання Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

"Убачыла навацыі, якія з'явіліся ў ВНУ за апошнія пяць гадоў. Выдатны сімуляцыйны цэнтр, які дае магчымасць яшчэ больш якасна рыхтаваць спецыялістаў для галіны аховы здароўя. Вельмі важна, што тут ёсць факультэт, які рыхтуе спецыялістаў для работы на высокатэхналагічным абсталяванні: КТ, МРТ, апаратах ультрагукавых даследаванняў. Такія спецыялісты сёння запатрабаваны па ўсёй краіне. У гутарцы прагучалі пытанні, якія датычыліся заканатворчай дзейнасці. І для сябе мы зрабілі пэўныя высновы, вывучым усе агучаныя пытанні па сутнасці і будзем выкарыстоўваць у сваёй рабоце", - рэзюмавала Наталля Качанава.-0-