На выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная" ў Гомелі распрацоўкі прадставяць 23 арганізацыі рэгіёна
На выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная" ў Гомелі, якая будзе праходзіць з 16 па 19 лютага, свае распрацоўкі прадставяць 23 арганізацыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Аб гэтым паведаміў 13 лютага намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Канюшка на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гомель - першы абласны цэнтр, дзе будзе прэзентавана выстаўка "Беларусь інтэлектуальная". Убачыць дасягненні беларускай навукі жыхары і госці Гомельскага рэгіёна змогуць у абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы.
"Толькі ад Гомельскай вобласці будзе 23 арганізацыі. Гэта і ВНУ, і навуковыя ўстановы, і прадпрыемствы. Ад іх прапанавана да дэманстравання 124 экспанаты, з якіх у Мінску былі толькі 14", - адзначыў Андрэй Канюшка.
Паводле яго слоў, пачаўся ўжо мантаж экспазіцыі.
Як было адзначана на апаратнай нарадзе, наведаюць выстаўку прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці.
"Беларусь інтэлектуальная" была арганізавана па даручэнні кіраўніка дзяржавы напярэдадні Дня беларускай навукі ў Мінску. Там былі прадэманстраваны найноўшыя распрацоўкі і дасягненні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арганізацый іншых ведамстваў, у тым ліку міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і іншых. На нарадзе 24 студзеня Прэзідэнт Беларусі заявіў, што выстаўку навукова-тэхнічных дасягненняў трэба абавязкова паказаць моладзі і прадэманстраваць у рэгіёнах краіны.-0-