вул. Баўмана, 4

Забудова вул. Баўмана
г. Гомель, вул. Баўмана 4

Цагляны 2-павярховы будынак мае складаную планіроўку.

Цэнтральная вось галоўнага фасада падкрэслена скразным арачным праходам на першым паверсе і балконам на другім паверсе. Прамавугольныя аконныя праемы без якога-небудзь дэкору падкрэсліваюць утылітарную накіраванасць архітэктуры сярэдзіны ХХ ст. Фасад фланкіраваны лапаткамі і завершаны прафіляваным карнізам. З боку двара размешчаны правы бакавы двухпавярховы аб'ём – самая доўгая частка дома. Левая бакавая частка прадстаўлена аднапавярховай прыбудовай.

Вуліца Баўмана стала фарміравацца ў пачатку XIX ст. Старадаўняе яе найменне – Баярская – звязана з Баярскім (цяпер – Білецкім) спускам. У больш позні час вуліца стала месцам жыхарства заможных слаеў грамадства. У 1919 г. яна была перайменавана ў гонар Якава Свярдлова. У 1957 г. вуліца была названа ў гонар рускага рэвалюцыйнага дзеяча Н.Э. Баўмана.

Дом па Баўмана, 4 быў пабудаваны ў XIX ст. (дакладных звестак не захавалася), аднак у некаторых дакументах 1855 г. значыцца, як год пабудовы. Яго можна аднесці да тыпавой гарадской забудовы сярэдзіны XIX ст., калі будаўніцтва па тыпавых праектах атрымала шырокае распаўсюджванне.

Абапіраючыся на карту Гомеля 1910 г. і адрасныя даведнікі «Увесь Гомель» за 1913 – 1915 гг. можна меркаваць, што ў дадзеным будынку ў той час знаходзілася або гарадское паліцэйскае ўпраўленне, або летні клуб грамадскага сходу.

У першай палове ХХ ст.будынак, магчыма, выкарыстоўваўся, як адміністрацыйны (няма дакладных звестак). У часы Вялікай Айчыннай вайны дом быў часткова разбураны, у 1950 г. адноўлены ў якасці жылога. Забудова таго часу пачынае імкнуцца да ўтылітарнасці, амаль плоскія фасады афармляліся стандартным ляпным дэкорам. У 1951 г. да дома была зроблена прыбудова, якая ў плане ператварыла будынак з Г-падобнай формы ў П-падобную.

Зараз гэта, двухпавярховы, 12-ці кватэрны жылы дом, у прыбудове да якога размяшчаецца грамадскі пункт аховы правапарадку № 1 адміністрацыі Цэнтральнага раена г. Гомеля.

image001.jpgСхематычны план г. Гомеля. 1913 г. (п. 76 – гарадское поліцэйскае ўпраўленне)

image002.jpgВул. Баўмана, дом №4. Здымак 2012 г.

image003.jpgВул. Баўмана, дом №4. Здымак 2023 г.