вул. Білецкага, 11

Будынак былога духоўнага вучылішча
г. Гомель, вул. Білецкага, 11

Будынак П-падобны ў плане. Складаецца з асноўнага аб’ему і двух бакавых флігеляў, якія падоўжаны ў бок двара бакавымі прыбудовамі. Цэнтр асноўнага аб'ему вылучаны магутнымі рызалітамі на галоўным (з боку ракі) і дваравым фасадах. Дваровы фасад аздоблены міжпавярховым карнізам, вокны – прафіляванымі сандрыкамі.

Уваходная група з лаканічным ганкам на двух пілонах у цэнтры рызаліта падкрэслена фігурным атыкам са скразной люкарнай. Галоўныя фасады бакавых рызалітаў руставаныя, цэнтральныя вокны першага паверха вылучаны пілястрамі, вокны былых галерэй аздоблены арачнымі нішамі.

У пачатку XIX ст. у Гомелі паступова складвалася новая планіровачная структура. Працэсам кіраваў уладар Гомельскага маентка граф М.П. Румянцаў. Сярод дамоў па вул. Білецкага (у канцы XIX ст. вядомай, як вул. Мільенная) у 1799 г. па праекце англійскага архітэктара Джона Кларка быў узведзены так званы «дом для зімовага пражывання графа», вядомы, як «эканамічны». Яго цэнтральны (1-павярховы драўляны) аб’ем і два флігеля (2-павярховыя цагляныя) размясціліся на адной лініі. Галоўны фасад быў вылучаны рызалітам з 6-калонным дарычным порцікам і балконам над ім. Вокны першага паверха былі аздоблены арачнымі нішамі. Пасля перабудовы ў 1819 г. галоўны корпус атрымаў другі паверх і быў аб’яднаны галерэямі з флігелямі (чарцеж 1844 г.).
Пасля смерці графа дом перайшоў да ваенна-інжынернага ведомства, і ў ім пражываў камандзір вайсковай часткі. З 1880 г. будынак належыў духоўнаму ведамству. У ім размяшчалася духоўнае вучылішча. У 1919 г. вучылішча было закрыта.

У 1919 – 1920 гг. помнік быў заняты 23 мінскімі пяхотнымі курсамі (у іх гонар у 1962 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка), затым падраздзяленнямі УНК, ДПУ. У 1920 г. ен перайшоў да гарадской камунальнай гаспадаркі. Тут размяшчаліся ў розны час школа імя К.Лібкнехта, сярэдняя школа № 15, вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі № 3. У 1960-х гг. з боку двара да флігеляў былі прыбудаваны два аб’емы, што надало яму П-падобную кампазіцыю ў плане. У 2000 г. будынак перададзены на баланс Гомельскага медыцынскага інстытута (з 2003 г. – установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітет»).

 

image001.jpg

Вул. Білецкага. Чарцёж 1844 г. Дом для зімовага пражывання графа. З кнігі Марозава В. Ф. «Гомель класічны. Эпоха. Мецэнат. Архітэктура», 1997 г.

image002.jpgВул. Мільённая (Білецкага). Будынак духоўнага вучылішча. Здымак пачатку ХХ ст.

image003.jpgВул. Білецкага. Будынак сярэдняй школы. Здымак 1970-х гг.

image004.jpgВід з боку ракі. Корпус УА «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітет». Здымак 2010-х гг.

image005.jpgВул. Білецкага. Корпус УА «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітет».