вул. Білецкага, 4

Будынак,
г. Гомель, вул. Білецкага, 4

Будынак двухпавярховы, прамавугольны у плане. На вуліцу Білецкага выходзіць галоўным фасадам сіметрычнай кампазіцыі. Рытм задаюць шэраг лапатак, што перамяжаюць тры адзінкавыя аконныя праемы ў цэнтры і падвоеныя з бакоў. На першым паверсе лапаткі руставаныя. На ўзроўні другога паверха лапаткі, што фланкіруюць фасад, аздоблены неглыбокай нішай з канелюрамі і – вышэй – разеткай з дэкаратыўнай тынкоўкай, а цэнтральныя – толькі базамі і карнізамі. Міжпавярховы карніз – вузкі прафіляваны, пад дахам змешчаны больш шырокі карніз.

Прамавугольныя аконныя праемы на першым паверсе аздоблены прафіляванымі ліштвамі, на другім – плоскімі, дапоўненымі прамавугольнымі сандрыкамі з лесвічнымі карнізамі і філенгамі, дэкараванымі тынкоўкай. Спалучэнне разнастайных элементаў дэкару дазваляе аднесці будынак да стылю эклектыкі.

Вуліца Білецкага (у канцы XIX ст. – вул. Мільенная), як і галоўная плошча, да якой яна вяла і дзе тры разы на год ладзіліся буйныя ярмаркі, аформілася ў пачатку XIX ст., дзякуючы новай планіроўцы Гомеля. Праект будынка, вядомага як «нямецкі тракцір» (хутчэй за ўсе, для замежных гандляроў), у 1820-х гг. распрацаваў архітэктар Джон Кларк. У той жа час было здзейснена і будаўніцтва. Першы паверх быў каменны, другі – драўляны. Адразу за домам быў двухпавярховы каменны флігель з кухняй. Будынкі звязваліся разам праз драўляныя галерэі на двух паверхах. У 1890 г. будынак належыў купцу другой гільдыі Нехамкіну Цодзіку Лейбаву.

Звестак аб тым, як будынак выкарыстоўваўся перад Вялікай Айчыннай вайной, няма. Пад час яе ен значна пацярпеў, у 1946 г. быў адноўлены. Згодна архіўным дакументам, у 1967 г. другі паверх выкарыстоўваўся як жылы, а на першым паверсе размясцілася грамадская сталовая, пазней – буфет палітэхнічнага тэхнікума. У 1983 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў дома ў сувязі з аварыйным станам. Пасля капітальнага рамонта будынак быў перададзены ў арэнду Гомельскай абласной арганізацыі «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах». З 1994 г. падвал будынка выкарыстоўваецца разнастайнымі арганізацыямі грамадскага харчавання.

image001.jpgВул. Білецкага, дом №4.

image002.jpgВул. Білецкага, дом №4. Здымак 2022 г.