вул. Камунараў, 7А

Будынак
г. Гомель, вул. Камунараў, 7А

Двухпавярховы дом, Г-падобны ў плане. Фасад падзелены на два ярусы. Першы ярус – першы паверх – аздоблены з выкарыстаннем элементаў безордэрнага класіцызму: руставанымі лапаткамі (падзяляюць групы аконных праемаў), карнізам з дэнтыкул паміж імі, аркай з замкавым каменем над дзвярнымі праемамі, падоўжанай цягай паміж паверхамі.

У аздабленні другога яруса прасочваецца ўплыў мадэрну. Прамавугольныя аконныя праемы аздоблены руставанымі арачнымі сандрыкамі з замкавым каменем і з імпостамі Г-падобнай формы. Тымпаны дэкарыраваны разеткамі-кветкамі, што «трымаюць» тонкія ўзоры са стылізаванага меандра. Падаконнікі лесвічныя з дэнтыкуламі размешчаны ў П-падобных нішах. Лапаткі з першага паверха працягваюцца на другім, аднак тут яны набываюць мадэрнавы дэкор у выглядзе трох паралельных тонкіх стужак з паўкружжамі ў цэнтры.

Прафіляваны карніз другога паверху падтрымліваюць мадульены. Зрокавым працягам лапатак за мяжой даха з’яўляюцца невялікія тумбы, што завяршаюцца аркамі-трыліснікамі. Цэнтральная вось фасада падкрэслена складаным атыкам з арачнай сярэдзінай, тымпан аформлены разеткай-кветкай.

Увагі заслугоўвае і каванае аздабленне балконаў і даху, таксама выкананае пад уплывам стылю мадэрн.
Вул. Камунараў сфарміравалася ў пачатку XIX ст. і, магчыма, ў той час насіла назву Першая Папярочная вуліца. У другой палове XIX ст. яна была вядомая, як Мясніцкая, паколькі тут гандлявалі мясам. 6 мая 1919 г. яе перайменавалі ў вуліцу Камунараў, так як менавіта на ей адбыўся апошні бой гомельскіх камунараў пад час стракапытаўскага мецяжу.

Час будаўніцтва не ўстаноўлены. Ускосна аб ім можна меркаваць па суседнім будынку былога камунальнага банка, узведзенага ў 1903 г. Гэтыя дамы на пачатку ХХ ст. уяўлялі сабой адзіную кампазіцыйную забудову. Стыль мадэрн, рысы якога мае экстэрьер, на Беларусі стаў распаўсюджвацца ў 1910-я гг. Прыблізна да гэтага ж часу можна аднесці і ўзвядзенне будынка. Хутчэй за ўсе, гэта быў даходны дом. Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак ўзнавілі ў 1945 г. у якасці канторы Верхне-Дняпроўскага Басейнага ўпраўлення шляхоў. Магчыма, дом адыйшоў да ўпраўлення яшчэ перад вайной. У 1996 г. упраўленне было рэарганізавана ў Днепра-Дзвінскае прадпрыемства водных шляхоў «Белводшлях». Будынак захаваўся за ім у якасці адміністрацыйнага.

image002.jpgВул. Мясніцкая (Камунараў). Будынак даходнага дома (злева). Здымак 1920-х гг.

image003.jpgВул. Камунараў, дом №7А. Здымак 2010 г.

image004.jpgВул. Камунараў, дом №7А. Фрагмент дэкора другога паверха.

image005.jpgВул. Камунараў, дом №7А. Здымак 2023 г.