пр. Леніна, 20

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 20

Дом № 20 ўяўляе сабой чатырохпавярховы аб’ем Г-падобны ў плане. Кампазіцыя галоўнага фасада ў сваей аснове мае сіметрычную пабудову і дзеліцца на тры ярусы прафіляванымі карнізамі.

Ніжні ярус – першы паверх – з глыбокай гарызантальнай рустоўкай і рапортным шэрагам арачных вітрынных акон і прамавугольных дзвярных праемаў з глухімі круглымі медальенамі над імі. Сярэдні ярус – другі і трэці паверхі – з неглыбокім прамавугольным рустам і прапарцыянальна размеркаванымі чатырма дэкаратыўнымі парталамі. Яны фланкіраваны лапаткамі з філенгамі і завершаны раскрэпаваным карнізам. Акцэнтамі выступаюць балконы трэцяга паверха на лесвічных кансолях, абмежаваныя балюстрадамі. Іх дзесюдэпорты дэкараваны разеткамі ў раслінным абрамленні. Вокны абапал балконаў маюць прафіляваныя падваконнікі з металічнымі рашоткамі. У якасці сандрыкаў выступаюць пліты і кансолі балконаў чацвертага паверха з металічнай агароджай. Верхні ярус – чацверты паверх –  гладкаатынкаваны, рытм задае чаргаванне прамавугольных вокнаў і балконаў, завершаны складаным карнізам з дэнтыкуламі, іонікамі і мадульенамі. 

Аналагічным чынам вырашаны і фасад будынка з боку сквера П.В. Сухога. Яго дапаўняюць два сіметрычныя 1-павярховыя аб’емы з арачнымі вокнамі і вазамі на вуглах. Маюць месца страты дэкору і перайначванні.

Праспект Леніна пачаў фарміравацца ў XIX ст. Сваю назву атрымаў у 1960 г. (раней – вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.). Дарэвалюцыйная забудова пад час Вялікай Айчынай вайны была амаль цалкам знішчана. На яе месцы паўсталі новыя дамы, якія ўтварылі цэласны архітэктурны ансамбль. Дом №20 быў узведзены ў 1956 г. па праэкце інстытута «Белдзяржпраект» (арх. Шалом Іенавіч Хінчын, асабіста і ў сааўтарстве ўдзельнічаў у распрацоўцы праектаў пабудоў грамадзянскага прызначэння ў Гомелі).

Дом з’яўляецца часткай квартала на цотным баку проспекта Леніна, абмежаванага вуліцамі Карповіча і Сялянскай, і разам з дамамі №№ 22 і 24 утварае кампазіцыю з курданерам і скверам.

 

image001.jpgПраспект Леніна, дом №20. Здымак 2012 г.

image002.jpgПраспект Ленін. Фрагмент дэкора дома №20. Здымак 2016 г.

image003.jpgПраспект Леніна. Фрагмент дэкора дома №20. Здымак 2023г.