пр. Леніна, 24

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 24

Дом №24 цагляны, Г-падобны ў плане. Фасады з боку вуліцы і курданера (параднага двара) аздоблены ўрачыста. Гарызантальны падзел падкрэслены рустам (на 1-м паверсе – гарызантальны глыбокі, на 2-3-м паверхах – прамавугольны) і прафіляванымі карнізамі (над 1-ым паверхам – з дэнтыкуламі).

Вертыкальна, на ўзроўні 2-4-га паверхаў, фасады размежаваны дэкаратыўнымі парталамі. Яны складаюцца з пілястраў (аздобленыя філенгамі і разеткамі), што фланкіруюць вокны і балконы на 2-3-м паверхах, і прафіляваных карнізаў, пад якімі змешчаны разеткі з раслінным дэкорам па баках. Парталы завершаны імітацыяй атыкаў (яе ўтвараюць вокны 4-га паверха з разеткамі па баках).

Вокны на 1-м паверсе вітрынныя, арачныя з арнаментаванымі архівольтамі, на 2-м – з прафіляванай ліштвой, на 3-м – з прафіляванымі падваконнямі з дэнтыкуламі і каванай агароджай. Балконы выступаюць дадатковымі акцэнтамі. На 3-м паверсе яны змешчаны ў порціках, аформлены балюстрадамі з тумбамі і дэкаратыўна насычанымі кансолямі з квадратнымі шырынкамі. Балконы 4-га паверха маюць каваную агароджу, вузкія прафіляваныя пліты з шэрагам арнаментаваных кансоляў. Два сіметрычныя аднапавярховыя аб’емы (флігель і ўваходная група) з боку курданера маюць арачныя вокны і вазы на вуглах аб’емаў. У многіх месцах фасадаў адзначаюцца страты дэкору і перайначванні.

Дом № 24 ўяўляе сабой аналаг дома № 20, і ў той жа час разам з домам №26 з'яўляецца як бы рызалітам для заглыбленай цэнтральнай часткі з арачным праездам у сярэдзіне (кесаніраваны склеп, пальметы, разеткі, лісце аканта).

Праспект Леніна пачаў фарміравацца ў XIX ст. Сваю назву атрымаў у 1960 г. Дарэвалюцыйная забудова пад час Вялікай Айчынай вайны была амаль цалкам знішчана. На яе месцы паўсталі новыя дамы, якія ўтварылі цэласны архітэктурны ансамбль. Дом №24 быў узведзены ў 1955 г. па праэкце інстытута «Белдзяржпраект» (арх. Хінчын Ш.І.). ен з’яўляецца часткай квартала на цотным баку праспекта Леніна, абмежаванага вуліцамі Карповіча і Сялянскай, і разам з дамамі №№ 20 і 22 утварае кампазіцыю з курданерам і скверам. Разам з домам №26 складаюць ансамблевае адзінства.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №24. Праект 1950-х гг. З архіва ААТ «Гомельграмадзянпраект».

image002.jpgПраспект Леніна, дом №24. Здымак 1959 г. З асабістага архіва Ігара Штэрмера.

image003.jpgПраспект Леніна, дом №24. Здымак 2012 г.

image004.jpgПраспект Леніна, дом №24. Здымак 2023 г.