пр. Леніна, 27

Забудова пр. Леніна,
г. Гомель, пр. Леніна, 27

Будынак №27 цагляны, трохпавярховы, прамавугольны ў плане. Дэкаратыўнае аздабленне галоўнага фасада дома стрыманае. Цэнтральная вось вылучана ўваходнай групай. Вокны другога і трэцяга паверхаў над высокім дзвярным праемам фланкіраваны лапаткамі з геаметрычным арнаментам.

Дзяленне на ярусы галоўнага фасада адзначана вузкім карнізам. Ніжні ярус – першы паверх – дадаткова выдзелены стужкавым рустам. Дынаміку першаму паверху таксама надаюць высокія вітрынные вокны з правага боку. Верхні ярус – другі і трэці паверхі – мае гладка атынкаваную сцяну. Вокны другога паверха падкрэслены прафіляванай цягай. Цэнтр левай і правай частак выдзелены баконамі з каванымі балюстрадамі (на другім паверсе – з вузкімі ромбамі, на трэцім – з больш шырокімі). Верхні пояс балюстрад аформлены меандрам. Фасад завяршае прафіляваны карніз з мадульенами.

Праспект Леніна (з 1960 г., раней – вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.)) у гады Вялікай Айчінай вайны быў амаль цалкам разбураны. Новая забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль, які стаў вітрынай «сталінскага ампіру».

У загадзе ўпраўлення галоўнага архітэктара горада Гомеля за 1947 г. адзначалася, што неабходна аднавіць 2-павярховы дом па вул. Камсамольскай, 45 (цяпер – пр. Леніна, 27). Такім чынам, будынак ужо існаваў да вайны. У 1948 г. быў зацверджаны праект рэканструкцыі дома, распрацаваны праектнай групай КБ «Днепра-Дзвінскае рачное параходства» (гал. арх. Б.А. Барысаў). Прадугледжвалася захаваць і яго першапачатковую павярхавасць, і ўсе архітэктурныя асаблівасці яго ранейшага стылю – мадэрн. На першым паверсе планавалася размясціць гандлевыя памяшканні.

Дом быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1949 г. Аднак, неабходнасць вырашэння вострага жыллевага пытання, а таксама барацьба з архітэктурнымі празмернасцямі, распачатая ў сярэдзіне 1950-х гг., прывялі да таго, што будынак зведаў значныя змены экстэр'ера. У 1958 г. быў надбудаваны трэці паверх.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №27.