пр. Леніна, 28

Забудова пр. Леніна, г. Гомель, пр. Леніна, 28

Дом № 28 – цагляны, Г-падобны ў плане, размешчаны на скрыжаванні з вуліцай Карповіча. Афармленне фасадаў уяўляе сабой стылізацыю класіцыстычных матываў. Асобны акцэнт зроблены на вуглавыя часткі: на рагу вуліц – з дапамогай вуглавога аб’ема-атыка і дэкора вокнаў з глухімі люнетамі, што чаргуюцца з разеткамі, а па пр. Леніна – трохграннага эркера на 3-4-х паверхах на зрэзанай вуглавай частцы, які абапіраецца на багата аздобленную кансоль.

Кампазіцыя двух галоўных фасадаў мае амаль люстэркавую сіметрыю, пры гэтым гарызантальна падзяляецца на тры ярусы. Ніжні ярус – 1-ы паверх – з рустоўкай, што імітуе буйны камень. ен падзелены рапортным радам прамавугольных аконных і дзвярных праемаў, аздобленых ляпнінай: кансолямі, вянкамі, замкавымі камянямі, медальенамі з выявамі снапоў, разеткамі, стужкавымі бардзюрамі. Сярэдні ярус – 2-і і частка 3-га паверхаў – вызначае неглыбокі руст і вокны з прафіляванымі падваконнямі. Трэці паверх абазначаны двума тонкімі карнізамі, на ўзроўні якіх размешчаны балконныя балюстрады. Балконныя праемы – адносяцца ўжо да верхняга яруса, з гладкай тынкоўкай – маюць шырокія ліштвы з трохвугольнымі франтонамі. Вокны 4-га паверха злучаны прафіляванай цягай. Па ўсім перыметры будынка праходзіць складаны карніз з дэнтыкуламі і дробнымі кансолямі.

Дэкор дворовых фасадаў дома больш сціплы і прадстаўлены шэрагамі прафіляваных цяг і карнізаў, сандрыкамі ў выглядзе замковага каменя над аконнымі і дзвярнымі праемамі. На ўзроўні другого паверха пачынаюцца балконы з простымі агароджамі. Інтэр'ер помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляе.

Праспект Леніна ў Гомелі ў большай частцы быў забудаваны  3-5-павярховымі дамамі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта даволі гарманічны ансамбль, які красамоўна перадае цягаценне да неакласічнай архітэктуры. Адным з узораў капітальнага жыллевага будаўніцтва стаў дом № 28. ен узводзіўся на працягу 1951-53 гг. па праекце архітэктара М.А.Гура, які прымаў ўдзел у праектаванні некалькіх будынкаў у Гомелі, а таксама праспекта Сталіна ў Мінску (цяпер – праспект Незалежнасці). Адразу пасля ўзвядзення дом № 28 належыў упраўленню Беларускай чыгункі. Цяпер тут размяшчаюцца жылыя кватэры і некалькі гандлевых устаноў.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №32. Здымак 1950-х гг.

image002.jpgПраспект Леніна, дом №28. Здымак 2011 г.

image003.jpgПраспект Леніна, дом №28. Здымак 2023 г.