пр. Леніна, 31

Будынак г. Гомель, пр. Леніна, 31

У сярэдзіне 1920-х гг. складанае жыллевае пытанне ў Гомелі стала паступова зрушвацца з мертвай кропкі. Вялікую ролю ў гэтым адыграла ўзвядзенне шматкватэрных дамоў. Дом на пр. Леніна, 31 быў пабудаваны ў канцы 1920-х гг. Аўтарам праекта стаў Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі. Яго цікавілі прасторавая цэласнасць і эстэтычная выразнасць Гомеля, пошук нестандартных рашэнняў. Гэта было вельмі актуальна для забудовы праспекта Леніна (з 1960 г., раней – вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (не пазней за 1935 г..)), што і зараз з'яўляецца своеасаблівай параднай магістраллю Гомеля.

Дом трохпавярховы, П-падобнай формы ў плане. Аб'емна-планіровачная структура сфарміравана з трох аднатыпных блок-секцый, што дазволіла стварыць кампактны шматкватэрны дом і пры гэтым атрымаць утульную ўнутрыдваравую прастору, якая раскрываецца ў бок вуліцы. Нетрадыцыйная арганізацыя курданера была разлічана на новы сацыяльны ўклад жыцця, на калектыўнае пражыванне 40-45 сем'яў. Добраўпарадкаваны двор павінен быў стаць камунікатыўным вузлом.

Пластыка фасадаў пабудавана на ўзбуйненні архітэктурных формаў (рустоўка ўваходнай групы, лапаткі, шырокія балконы, квадратныя аконныя праемы, арачныя праемы ў рызалітах), умелай лепцы аб'емных мас (блокі-секцыі, рызаліты з уваходнымі групамі), якія прыведзены ў гарманічнае адзінства. Тарцовыя фасады бакавых крылаў дома ажыўлены арнаментыкай аконных праемаў (чаргаванне квадратных і прамавугольных форм), рытмічны строй якіх стварае самастойнае кампазіцыйнае цэлае. Дробная пластыка (рустоўка, стужкавае шкленне, мансардныя вокны, светлавыя вокны лесвічнай клеткі, дэкаратыўныя кранштэйны) адышла на другі план.

Вонкавае аздабленне будынка строгае. Дом умоўна падзелены сціплым карнізам на верхні і ніжні ярусы. Першы ярус – першы паверх мае атынкаваныя сцены. Другі і трэці паверх з мансардай складаюць другі ярус, што мае пафарбаваную сцяну. Трэці паверх выдзелены наяўнасцю на бакавых фасадах будынка гарызантальна-выцянутых балконаў, дэкарыраваных металічнымі агароджамі.

Акцэнтамі дваровых фасадаў выступаюць рызаліты з уваходнымі групамі, што аформлены арачнымі праемамі і стужкавым шкленнем лесвічных клетак у адзіную вертыкальную кампазіцыю. Вулічныя фасады бакавых аб’емаў дома, звернутыя да праспекта, складаюць самастойнае кампазіцыйнае цэлае.

У аздабленні дома на пр. Леніна, 31 разам з уплывам мадэрна вельмі добра адчуваецца ўплыў канструктывізму – выкарыстанне ўзбуйненых аб'емаў, адсутнасць ордэрнай сістэмы, пранікнення экстэр’ера ў інтэрьеры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак быў часткова разбураны, а ў 1950 г. адноўлены, падчас рэканструкцыі ўнутраная планіроўка была значна зменена. Свае назначэнне дом, як жылы будынак з аб’ектамі абслугоўвання, не змяніў і па сенняшні дзень.

image001.jpgВул. Луначарскага (праспект Леніна). Здымак 1930 - 1935 гг.

image002.jpgВул. Камсамольская (праспект Леніна). Здымак канца 1940-х гг.

image003.jpgПраспект Леніна, дом №31. Унутрыдваравая прастора. Здымак 2013 г.
 image004.jpgПраспект Леніна, дом №31. Здымак 2023 г.