пр. Леніна, 33

Забудова пр. Леніна
г. Гомель, пр. Леніна, 33

Цагляны 4-павярховы прамавугольны ў плане будынак з двухсхільным дахам. Два рызаліты дзеляць фасад па вертыкалі на тры часткі, што стварае дынамічную кампазіцыю фасада. Вокны на ўсім фасадзе маюць прафіляваныя падваконнікі на бакавых прамавугольных кранштэйнах. На 3-4-ым паверхах вокны чаргуюцца з балконамі на прамавугольных бэлечных канструкцыях, якія маюць кованые агароджы з простым геаметрычным узорам.

Галоўны фасад па гарызанталі падзелены на два ярусы, адасобленых вузкім карнізам. Ніжні ярус – 1-ы паверх – выдзелены прамавугольным рустам. Верхні ярус – 2-4-ы паверхі – мае гладка атынкаваную сцяну. Увагу на сябе звяртае балкон 4-ага паверха, дзе ў агароджы выкарыстаны арачныя элементы. Магчыма, гэта больш ранні варыянт дэкору балконаў.

Вось сіметрыі кожнага рызаліта выдзелена ўваходнай групай, над якой на фігурных кранштэйнах размешчаны балкон, агароджаны тумбамі з балясінамі. На другім ярусе рызаліты фланкіраваны ступеністым рустам. Фасад завяршае прафіляваны карніз з мадульенамі. У цэлым, дэкор галоўнага фасада вельмі стрыманы.

Праспектам Леніна вуліца стала ў 1960 г., а раней яна была вядомая, як вуліца Замкавая (канец XIX ст.), Луначарскага (з 1923 г.), Камсамольская (з 1930-х гг.). У пачатку 1930-х гг. у будынку па Камсамольскай, 57 (такі адрас меў дом № 33 да 1960 г.) размяшчалася школа №15 (колькасць навучэнцаў – 814 чалавек), а таксама вочная бальніца на 100 ложкаў. Такое суседства тлумачылася складаным становішчам з капітальнай забудовай у горадзе тых гадоў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны праспект быў амаль цалкам разбураны. Новая забудова ўтварыла даволі цэласны архітэктурны ансамбль, які стаў вітрынай «сталінскага ампіру». Праект вуліцы 1952 г. прадугледжваў узвядзенне дамоў адзіным комплексам з ліквідацыяй разрываў паміж будынкамі. Яркім прыкладам часткі ансамблевай забудовы і з'яўляецца дом №33, звязаны з домам №35 арачным праемам. Будынак быў пабудаваны, як жылы дом з крамамі і аб'ектамі бытавога абслугоўвання насельніцтва на першым паверсе. Свае прызначэнне ен не змяніў і па гэты дзень.

image001.jpgПраспект Леніна, дом №33.