пр. Леніна, 35

Забудова пр. Леніна
г. Гомель, пр. Леніна, 35

Жылы 4-павярховы будынак у плане мае Г-вобразную структуру, завершаны двухсхільным дахам. Парадныя фасады, якія выходзяць на вул. Ірынінскую і пр. Леніна, ўяўляюць сабой цэласную кампазіцыю, аб'яднаную зрэзанай кутняй часткай.

Прафіляваны карніз пад вокнамі 2-га паверха размяжоўвае фасады на два ярусы. Ніжні ярус упрыгожаны фацэціраваным рустам. Пры афармленні аконных праемаў выкарыстаны прафіляваныя падваконнікі, кранштэйны, філенгі з прызматычным рустам, веерныя замкі, фацэціраваны замкавы камень. Сцены верхняга яруса гладкаатынкаваныя. На 3-4-м паверхах аконныя праемы чаргуюцца з балконнымі. На 3-м паверсе балконы на бэльках ўсечанай формы апраўлены балюстрадамі з невялікімі тумбамі. На 4-м паверсе вокны аб'ядноўвае вузкая падваконная цяга, агароджы балконаў – каваныя.

Цэнтральная ўваходная група размешчана ў вуглавой частцы будынка. Дзвярны праем выдзелены стужкавай ліштвой, шырокім карнізам, фігурнымі кранштэйнамі, рустам, што з першага паверха часткова пераходзіць на другі па цэнтральнай восі. Вітрынныя вокны сіметрычна размешчаны па абодва бакі дзвярэй. Вертыкаль працягвае дэкаратыўны порцік, межы якога вызначаны пілястрамі, накрыты трохкутным франтонам. У яго плоскасць ўпісаны арачны праем з балкнамі на 3-4-ым паверхах.

У 1891 г. па праекце Г. Гаўрылава на рагу вуліц Замкавай (ранейшая назва пр. Леніна) і Ірынінскай у межах адзначанага зямельнага ўчастка адбылася закладка багадзельні (на сродкі княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч). У жніўні 1892 г. "Прытулак для састарэлых жанчын" быў ўрачыста адкрыты. У 1905 г. у гэтым будынку размясцілася вочная бальніца імя Федара і Ірыны Паскевічаў (больш 700 аперацый у год). Кіраваў бальніцай вядомы гомельскі афтальмолаг – Абрам Якаўлевіч Брук.

Пад час Вялікай Айчыннай вайны амаль увесь будучы праспкт быў разбураны. Новая забудова ператварыла яе ў вітрыну архітэктурнага стылю – «сталінскі ампір». Прыкладам адной з частак ансамблевай забудовы і з'яўляецца будынак №35. Дом быў узведзены ў 1958 г. (магчыма, на месцы, дзе размяшчалася да вайны бальніца). У 1960 г. вуліца стала праспектам Леніна. Архіўныя крыніцы сведчаць, што дом №33 да 1960 г. меў №57, і, хутчэй за ўсе, цяперашні дом №35 першапачаткова быў №59.

image001.jpgВул. Замкавая (праспект Леніна) на плане г. Гомеля 1910 г. (п. 25а-Праабражэнская царква і прыходскае жаночае вучылішча, п. 25б - вочная лячэбніца, п. 26-купальні))

image002.jpgПраспект Леніна, дом №35. У двары. Здымак 1960 г.

image003.jpgПраспект Леніна, дом №35. Здымак 2011 г.

image004.jpgПраспект Леніна, дом №35.