Вул.Пушкіна, 32

Сядзіба па вул. Пушкіна, 32, вядомая, як «летні домік» для пражывання графа М.П. Румянцава, «домік у садзе». Пабудавана ў 1818-22 гг. па праекце архітэктара Івана Дзьячкова. Была перабудавана з «крамы [склада] гомельскіх тавараў». Сцены першапачаткова былі драўлянымі на мураваным падмурку, абліцаваныя цэглай і атынкаваныя (распаўсюджаны ў XIX ст. спосаб «надаць высакароднасць»). Уяўляла (і ўяўляе) сабой 1-павярховы аб'ём, у плане – прастакутнік. Асноўны аб'ём пазней быу фланкіраваны невялікімі мураванымі аб'ёмамі, завершанымі мелкадрабністымі атыкамі. 

Галоўны фасад з'яўляецца “месцам сустрэчы” трох вуліц-прамянёў – вул. Пушкіна, вул. Ланге і вул. Білецкага. Яго асновай стаў адзін з узораў, размешчаных у альбоме «Збор фасадаў Яго Імператарскай Вялікасцю найвысока апрабаваных для прыватных будынкаў у гарадах Расійскай імперыі» (арх. В. П. Стасаў і Л. Руска) (1809-12 гг.). У цэнтры – 6-калонны дарыйскі порцік з тэрасай над ім. Парныя крайнія калоны вылучаюць уваход у будынак. Кампазіцыйны акцэнт – мезанін з акном-люнетам і лесвічным атыкам. Дэкор фасада дапоўнены рустам (мезанін, цэнтральная частка фасада і прыбудовы) і барэльефамі (па баках ад аконнага праёма мезаніна). 

Узору з альбома І. Дзьячкоў не адмовіў у архітэктурнай інтэрпрэтацыі. Ён надаў яму рысы рамантызму (збліжэнне бакавых калон, памяншэнне габарытаў самога аб'ёму, рустоўка і буйны замкавы камень акна мезаніна) і грэкафільскую стылістыку (канеліраваныя калоны ў архаічным дарыйскім ордэры, «элінскія» рэльефы з рысамі археалагічнай ідэнтычнасці замест бакавых вокнаў мезаніна). Дэталі класічнай архітэктуры стварылі ілюзію суцэльнага мураванага будынка (цяпер ён такім і з'яўляецца). 

Інтэр'ер сядзібы забудоўшчык распрацоўваў самастойна. Планіроўка анфіладная, памеры памяшканняў невялікія і адлюстроўваюць выслоўе папулярнага гравёра Ш.-Н. Кашэна: «Чым больш высокі сацыяльны статус чалавека, тым менш яго пакоі». 

У 1838 г. «домік у садзе» перайшоў у падпарадкаванне ваенна-інжынернага ведамства. У II палове XIX ст. яго ўладальнікам стала сям’я Крушэўскіх, пазней – сям’я Лісоўскіх. Пасля 1917 г. у будынку размясцілася Надзвычайная камісія, а з 1927 г. – гарадскі радыёвузел. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў ім пэўны час знаходзіўся радыёвузел. З 1950-х гг. сядзіба сумяшчала функцыі жылога дома і адміністратыйнай установы. Прыблізна з 1970-х гг. яна стала выкарыстоўвацца толькі ў якасці адміністрацыйнага будынка. У 1993-97 гг. была праведзена рэстаўрацыя будынка, пасля гэтага ў ім размясцілася экспазіцыя мастацкага аддзела Гомельскага абласногя краязнаўчага музея (зараз – Музей ДГКУ «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль»). З 2009 г. у помніку размяшчаецца ДУ “Музей гісторыі горада Гомеля”.

D:\Исторические справки\2010\МИГГ\домик .jpg

Вул. Ліпавая (зараз – Пушкіна), дом Лісоўскага. Паштоўка пачатку ХХ ст. 


D:\Исторические справки\2010\МИГГ\1947 г\Scan1.JPG

Праект рэканструкцыі радыёвузла па вул Пушкіна. 1947 г. З архіваў ДУ «Музей гісторыі горада Гомеля».


Вул. Пушкіна, ГУ “Музей гісторыі горада Гомеля”. Здымак 2013 г.