Вул.Савецкая, 22

Будынак двухпавярховы, стужкападобны ў плане. На вул. Савецкую выходзіць вузкім фасадам, які сіметрычна падзяляецца на тры часткі чатырма пілястрамі з капітэлямі карынфскага ордэру. Над галоўным аб’ёмам, які завяршаецца паласой прафіляванай цягі і складаным карнізам з дэнтыкуламі, надбудаваны яшчэ адзін аб’ём, які па вертыкалі падзелены чатырма прамавугольнымі філёнгамі. Над галоўным уваходам, які накрыты сандрыкам, на другім паверсе размешчана вялікае арачнае акно з прафіляванай ліштвой. Да асноўнага аб’ёма з боку двара прымыкаюць дзве прыбудовы. Дах металічны, адна- і двухсхільны.

У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя ў сувязі з бурным эканамічным развіццём Гомеля, што ў сваю чаргу выклікала актыўнае будаўніцтва, асноўнае гандлёва-прадпрыймальніцкае і грамадскае жыццё горада канцэнтравалася на вул. Румянцаўскай. Па звестках старажылаў і архіўных дадзеных у дарэвалюцыйны час у гэтай частцы вуліцы знаходзіліся кандытарскі магазін, кафэ (рэстаран) і гасцініца, якія належылі І.В. Яскульскаму. Хутчэй за ўсё, у сучасным будынку №22 было менавіта кафэ (рэстаран). У фондах музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” захаваліся фотаздымкі 1940-х гг. некаторых дамоў па вул. Савецкай. На адным з іх – выява пабудовы, якая знаходзілася на месцы сучаснага дома № 22. Гэта быў будынак у стылі мадэрн з асіметрычнай кампазіцыяй. Наяўнасць у дэкаратыўным картушы на фасадзе будынка даты – 1903 – дазваляе датаваць яго дакладна. З вялікай доляй верагоднасці дадзены праект можна аднесці да аўтарства С.Д.Шабунеўскага – гарадскога архітэктара таго часу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак значна пацярпеў. Падчас аднаўлення ў 1953 г. помнік страціў рысы мадэрну, набыў сіметрычную кампазіцыю і стылявыя асаблівасці так званага “сталінскага ампіру”, для якога характэрна выкарыстанне класіцыстычных матываў. З моманту свайго аднаўлення будынак выкарыстоўваўся як рэстаран. У 1978 г. ён істотна павялічыўся ў бок двара, дзе былі ўзведзены 2 прыбудовы. У асноўным аб’ёме размяшчаліся гандлёвы і банкетны залы, буфет, у аб’ёмах з боку двара – кухня, халодны і кандытарскі цэхі, мыйка і г.д., у падвале – склады. Пэўны час падвал быў прыстасаваны пад бомбасховішча. Рэстаран “Зара” належыў трэсту сталовых і рэстаранаў, з 1997 г. – вытворча-камерцыйнаму прадпрыемству “Цэнтр” (з 1999 г. – ААТ гандлю “Цэнтр”). У пачатку 2010-х гг. разглядалася пытанне аб рэканструкцыі помніка з выкарыстаннем у будучым у якасці рэстарана.

Вул. Савецкая, дом №22. Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.


Вул. Савецкая, дом №22. 2009 г.