Вул.Савецкая, 12

Дом № 12 па вул. Савецкай ўяўляе сабой 3-павярховы П-падобны ў плане аб’ём сіметрычна-восевой пабудовы. Паверхі на фасадзе адасоблены карнізнымі паясамі, а лапаткі ўмоўна падзяляюць будынак на тры часткі – цэнтральную і бакавыя. Вітрынныя вокны першага паверха размежаваны філянговымі лапаткамі. Лапаткі на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў багата дэкарыраваны крыжападобнымі філёнгамі, гірляндамі, балясінамі, паўкалонамі фігурнымі і з канелюрамі. Лапаткі бакавых частак завяршаюцца нішамі са скульптурнымі ідылічнымі выявамі сялян з дарамі прыроды. Цэнтральны ўваход у будынак накрыты балконам другога паверха на масіўных кансолях з гірляндай з лістоў аканта. Балконы размешчаны таксама на другім і трэцім паверхах бакавых частак фасада. Аконныя і дзвярныя праёмы на другім паверсе адзначаны сандрыкамі з паўцыркульнымі франтонамі, на трэцім – маюць арачную форму з прафіляваным архівольтам. Фрыз антаблемента цэнтральнай часткі вырашаны як аркатурны пояс. Бакавыя часткі завершаны вежамі з байніцамі, дэкарыраваных паўкалонкамі. Унутраная планіроўка анфіладная. Інтэр’еры помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.

Спалучэнне ў знешнім выглядзе будынка элементаў т. зв. “рускага стылю”, матываў Рэнесансу і барока дазваляе аднесці яго да ўзораў архітэктуры эклектызму і датаваць мяжой XIX і XX стагоддзяў.

Вуліца Савецкая (былая Румянцаўская) – пачала фарміравацца ў XVIII стагоддзі, а канчаткова склалася ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя. Яна становіцца галоўнай вуліцай города, дзе з’яўляецца шмат даходных дамоў, першы паверх якіх займалі гандлёва-гаспадарчыя прадпрыемствы, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ўнаём як кватэры. Дом № 12 па вул. Савецкай адносіцца менавіта да такога тыпу гарадскіх будынкаў. Да Вялікай Айчыннай вайны першы паверх быў заняты гандлёвымі ўстановамі, а другі і трэці выкарыстоўваліся пад жыллё.

У час вайны будынак пацярпеў і быў адноўлены ў 1950 г. Абмерныя чарцяжы і фотаздымкі, зробленыя нямецкімі ваеннапалоннымі пасля вызвалення Гомеля, сведчаць, што знешні вобраз дома некалькі змяніўся ў параўнанні з яго даваенным выглядам: замест праезда ў двор, які знаходзіўся справа ад уваходу ў дом, з’явілася вітрыннае акно, што дадало фасаду сіметрычнасці, не захаваліся пілястры ў выглядзе жаночых паўфігур паміж падвоенымі вокнамі другога паверха, аздабленне бакавых частак кансоляў цэнтральнага балкона, змяніліся парапетныя і балконныя металічныя агароджы.

У пасляваенны час на першым паверсе размяшчаліся крамы “Тытунь”, кафэ “Бутэрбродная”, службовыя памяшканні ВА “Хлебапрадукт”, цяпер – кніжная крама, кафэ, службовыя памяшканні КВУП “Гомельская гарадская ЖКГ”. 


Вул. Савецкая, дом №10. Абмерныя чарцяжы 1940-х гг., зробленыя пры падрыхтоўцы праекта аднаўлення. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.


Будынак па вул. Савецкай, 12 (другі справа). Здымак з альбома “Гомель в фотаілюстрацыях”, 1961 г.