Вул.Савецкая, 15

Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак у стылі “сталінскага ампіру”. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. 1-ы і 2-і паверхі аздоблены прамавугольнымі вітрыннымі вокнамі, 3-і – паўцыркульнымі. Прасценкі на 1-ым паверсе апрацаваны буйным гарызантальным рустам, прафіляванымі філёнгамі з картушамі ўверсе. Сцяна на 2-ім і 3-ім паверхах раскрапавана пілястрамі з карынфскімі капітэлямі. Парадны ўваход размешчаны на восі сіметрыі. Акно над ім вылучана філёнгай і на ўзроўні 3-яга паверха – глухім люнетам з замковым каменем і картушам. Вянчае вось сіметрыі арачны франтон з круглай люкарнай на тымпане. Мяжа 1-га паверха выдзелена міжпаверхавым карнізам, фасада – прафіляваным карнізам з мадульёнамі, разеткамі і стужкай дэнтыкул. Па краі даху праходзіць балюстрадны парапет.

Дваровы фасад мае сляды пераробак аконных праёмаў, надбудовы паверха. У цэнтры фасада – 5-гранны рызаліт з лесвічным вузлом. Яго арачныя вокны аздоблены замкавым каменем. Фасад завяршае прафіляваны карніз. Тамбур і ліфтавая шахта з’явіліся ў 1970 г. У інтэр'еры 1-ага і 2-ога паверхаў (магчыма, і 3-га) на столях захаваліся ляпныя разеткі з раслінным арнаментам і савецкай сімволікай.

Забудова вул. Савецкай (да 1919 г. – вул. Рямянцаўскай) склалася ў другой палове XIX – пачатку XX стст., калі яна набыла функцыі гарадскога цэнтра. Пасля Вялікай Айчыннай вайны частка будынкаў на ёй была адноўлена з захаваннем мастацка-стылістычных асаблівасцяў, а некаторыя дамы былі ў значнай ступені перабудаваны. Да апошніх адносіцца будынак № 15. Год яго ўзвядзення невядомы, але ў 1913 г. ён ужо існаваў. Прект распрацаваў выдатны архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі (1866-1937 гг.). Двухпавярховы будынак да вайны быў узорам стылю мадэрн. Сіметрычны галоўны фасад фланкіравалі шырокія лапаткі з дэкорам. Лапаткі ў прасценках завяршаліся буйнымі кранштэйнамі. Цэнтр фасада быў падкрэслены лучковым дзвярным праёмам і балконам з ажурнай агароджай над ім, крывалінейным франтонам. У цэнтры дваровага фасада размяшчаўся рызаліт для лесвічнага вузла, на даху – парапет (ажурная металічная рашотка паміж мураванымі тумбамі).

З адраснага даведніка Гомеля за 1913 г. вынікае, што ў будынку размяшчаліся казначэйства і крамы. Падчас ВАВ ён быў часткова разбураны. У 1950 г. быў рэканструяваны з надбудовай трэцяга паверха. Галоўны фасад атрымаў новае, адпаведнае часу, архітэктурнае рашенне. Будынак быў прыстасаваны пад гадлёвы дом. Функцыі крамы ён выконваў да апошняга часу.

Вул. Савецкая, дом №15. Здымак 1940-х гг. З фондаў музея ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.


Вул. Савецкая, дом № 15 (другі злева). Здымак з альбома “Гомель в фотоиллюстрациях”, 1961 г.

Вул. Савецкая, дом №15. 2011 г.