Вул.Савецкая, 2

Будынак чатырохпавярховы, Г-падобны ў плане. Размешчаны на рагу вуліц Савецкай і Працоўнай. На перакрыжаванне выходзіць зрэзаным вуглом, які вянчаецца прамавугольным атыкам з ляпным картушам з датай пабудовы – “1954”. Фасады ўздоўж вуліц Савецкай і Працоўнай вырашаны аднолькава. Першы паверх руставаны, сіметрычнай кампазіцыі, якая фарміруецца рытмічным чаргаваннем шырокіх вітрынных вокнаў у простым ляпным абрамленні і вузкіх вокнаў, над якімі стужкі ляпнога дэкору ў выглядзе гірляндаў. Другі паверх аддзелены вузкім карнізам-цягай і ўяўляе сабой чаргаванне вокнаў у арачным ляпным арнаментальным абрамленні і вузкіх вокнаў з сандрыкамі. Трэці паверх адрозніваецца наяўнасцю балконаў на ляпных кансолях з агароджай ў выглядзе балясін, чацвёрты – балконамі з металічнай агароджай на дэнтыкулах. Дах вальмавы, металічны. Пад ім па ўсім перыметры будынка – карніз з паясамі дэнтыкулаў, кансоляў і разетак.

Вуліца Савецкая – адна з галоўных магістраляў Гомеля. Яе фарміраванне пачалося ў XVIII стагоддзі, а гістарычнае архітэктурнае аблічча канчаткова склалася ў XIX – пачатку XX стагоддзя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны значная колькасць будынкаў была страчана, і на іх месцы ў пасляваенны час узводзіліся новыя.

         Планы Гомеля пачатку ХХ стагоддзя сведчаць аб тым, што ў той час вуліца Базарная (цяпер – Працоўная) была мяжой цэнтральной гарадской плошчы з поўначы. На рагу Базарнай і Румянцаўскай знаходзіўся двухпавярховы будынак вучылішча, арыентаваны фасадам на плошчу. Ён быў узведзены ў стылі класіцызму і меў шасцікалонны порцік. Як сведчыць фотаздымак 1945 года, каробка будынка захавалася пасля вайны, аднак аднаўляць яе не сталі і знеслі. На месцы, якое вызвалілася, быў закладзены вялікі дом, які заняў частку вуліцы Працоўнай і пачатак Савецкай. Яго будаўніцтва скончылася ў 1954 г. Пасля гэтага з боку Працоўнай да дома была зроблена прыбудова аналагічнай паверхавасці і фасаднай дэкарыроўкі, якая атрымала асобны адрас – Працоўная, 3. Буйныя памеры пабудоў на галоўных вуліцах горада і багатае аздабленне іх архітэктурным дэкорам былі характэрнымі рысамі таго часу. Першы паверх дома быў прыстасаваны для размяшчэння розных гандлёвых кропак, а тры астатнія выкарыстоўваліся як жылыя. Такое становішча захавалася і да цяперашняга часу.

11.jpg

На рагу вуліц Базарнай і Румянцаўскай (цяпер – Працоўнай і Савецкай адпаведна). Здымак першай паловы ХХ ст. 

22.jpg

Вул. Працоўная. Будынак па вул. Савецкай, 2 (першы злева). Здымак 1956 г. З архіва Яўгена Ткача.

 33.jpg

На рагу вуліц Працоўнай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 2. Здымак 1960-х гг.

 44.jpg 

На рагу вуліц Працоўнай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 2. Здымак 2010 г.