Вул.Савецкая, 25

Будынак аднапавярховы, Г-падобны ў плане. На вуліцу Савецкую выходзіць працяглым бакавым фасадам. Парадны фасад з боку вул. Першамайскай афармляе высокі ганак перад галоўным уваходам і над ім – атык складанай формы са скразной люкарнай. З абодвух бакоў ад уваходнага праёма – чатыры сіметрычна размешчаныя (два вузкія і два шырокія) аконныя праёмы, якія ўвенчаны замкавымі камянямі і размежаваны гарызантальна руставанымі лапаткамі. У бок Савецкай вуліцы звернута 11 акон, крайнія з якіх, як і на галоўным фасадзе, выдзелены гарызантальна руставанымі лапаткамі. Пад дахам пабудовы – масіўны прафіляваны карніз. Дах металічны, двухсхільны, а ў вуглавой частцы – чатырохсхільны.

У канцы XIX стагоддзя ў цэнтральнай частцы горада на тэрыторыі паміж вуліцамі Румянцаўскай, Ірынінскай і Ліпавай (цяпер, адпаведна, – Савецкая, Першамайская і Пушкіна) сфарміраваўся комплекс пабудоў чыгуначнай бальніцы. Ён уключаў двухпавярховы лячэбны корпус і дапаможныя пабудовы, у тым ліку і будынак па сучасным адрасе Савецкая, 25. Па мастацка-стылявых прыкметах дом можа быць аднесены да прыкладаў архітэктуры так званага “цаглянага стылю”, характэрнага для гарадскога будаўніцтва на мяжы ХIX і ХХ стагоддзяў. Дакладных звестак аб яго выкарыстанні ў гэты час няма, але вядома, што ў пачатку ХХ ст. у будынку пражываў урач Абрамянц, які, магчыма, быў галоўным урачом бальніцы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у час якой будынак не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў, ён быў адрамантаваны. Да 1987 г. помнік выкарыстоўваўся для патрэб медыцыны і аховы здароўя. У ім размяшчаліся станцыя пералівання крыві, цэнтр лячэбнай фізкультуры і інш. У 1987 г. перададзены на баланс УА“Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта”.


13736397113watermarked-d181d0bad0b0d0bdd0b8d180d0bed0b2d0b0d0bdd0b8d0b50011

Вул. Савецкая. Аднапавярховы будынак ўваходзіў у комплекс пабудоў бальніцы Лібава-Роменскай чыгункі. Паштоўка пачатку ХХ ст.

IMG_0596

На рагу вуліц Савецкай і Ірынінскай. Будынак па вул. Савецкай, 25. Здымак  2009 г.