Вул.Савецкая, 27

Кампазіцыя будынка складаецца з некалькіх аб'ёмаў, аб’яднаных прамавугольным у плане ніжнім паверхам – стылабатам. Тут знаходзяцца касавы вестыбюль, гардэробы, парадныя лесвіцы, блок службовых, артыстычных і дапаможных памяшканняў. Стылабат мае стужкавае шкленне фасадаў. У сілуэце будынка дамінуе размешчаны на стылабаце асноўны аб'ём – амфітэатр чашападобнай формы, перакрыты пакатым сферычным купалам. Тут знаходзіцца відовішчная частка будынка (зала на 1856 месцаў з манежам, эстрадай і аркестровай пляцоўкай). Амфітэатр абкружаны зашклёным фае з выхадам на тэрасу, зробленную на даху ніжняга аб’ёму. Адміністрацыйны корпус трохпавярховы, злучаны праходамі з дапаможнымі памяшканнямі, якія выцягнуты ў процілеглы ад вул. Савёцкай бок і ўтвараюць унутраны дворык.

Першыя згадкі аб цыркавых імпрэзах у Гомелі адносяцца да другой паловы XIX ст., праходзілі яны на Базарнай плошчы (цяпер – плошча Леніна). У сярэдзіне 1890-х гг. прадпрымальнік І. Слобадаў узводзіць на Коннай плошчы (цяпер – район Цэнтральнага рынка) першы ў Гомелі драўляны цырк. Будынак не вылучаўся камфортам, але да 1917 г. установа ў гараджан карысталася папулярнасцю. У 1917 г. будынак згарэў.

Новая эканамічная палітыка (НЭП) 1920-х гг. спарадзіла небывалы цыркавы бум. У 1926 г. новы цырк быў пабудаваны і ў Гомелі на вул. Камсамольскай (цяпер – пр-т Леніна, у раёне дома № 12). Фасад драўлянага будынка з балконам-раусам (з яго запрашалі на прадстаўленне "публіку") быў разным. Аднак цырк не абаграваўся, гардэробаў не прадугледжвалася, у антракце гледачы выходзілі ў вузкі кругавы калідор, які гучна называўся "праменуар". Пры гэтым зала ўмяшчала 2000 чалавек. У 1932 г. будынак цырка быў перададзены тэатру, а ў 1941 г. ён згарэў.

Будаўніцтва стацыянарнага цырка ў Гомелі разгарнулася ў 1966 г. Пад пляцоўку быў абраны заняты шэраговай забудовай невялікіх памераў гарадскі ўчастак, які прымыкаў да вул. Савецкай паміж гарадскім скверам і плошчай Паўстання. У 1972 г. было прынята рашэнне №571 гарвыканкама “Аб увядзенні ў эксплуатацыю цырка ў Гомелі па вул. Савецкай". У якасці асноўнага быў паўторна выкарыстаны праект А. Кудраўцава (Масква) з дапрацоўкамі М. Шулькмейстэра, Ю. Маторына, Ш. Хінчына (Гомель). Адначасова была добраўпарадкавана прылягаючая тэрыторыя – была разбіта плошча з басейнам, кветнікамі. У комплекс цырка ўваходзяць таксама шматлікія тэхнічныя памяшканні, вальеры для жывёл, якія размешчаны ва ўнутраным дворыку і звязаны непасрэдна з манежам. 

У 1992 г. Гомельскі цырк быў зарэгістраваны пад назвай "Відовішчна-камерцыйны комплекс "Гомелькі цырк ", з 2010 г. – гэта ўстанова культуры “Ганаровы калектыў Рэспублікі Беларусь "Відовішчна-культурны комплекс "Гомельскі дзяржаўны цырк". На арэне цырка ў розны час выступалі славутыя калектывы былога СССР, блізкага і далёкага замежжа.


https://gomel.today/wp-content/uploads/2021/04/gomel-z0-17.jpg

Вул. Камсамольская (зараз – пр. Ленина), будынак цырка. Здымак 1930-х гг.

http://iggp.by/images/cirk03.jpg

Вул. Савецкая. Будаўніцтва цырка. Здымак мяжы 1960-70-х гг.  З архіва ААТ “Гомельграмадзянпраект”.

http://iggp.by/images/cirk05.jpg

Вул. Савецкая. Цырк. Здымак 1970-х гг. З архіва ААТ “Гомельграмадзянпраект”. 

C:\Users\USER\AppData\Local\Microsoft\Windows\Temporary Internet Files\Content.Word\Цирк 1979 39_0.jpg

Вул. Савецкая. Цырк. Паштоўка 1979 г.