Вул.Савецкая, 3

Будынак трохпавярховы, Г-падобны ў плане. Мае два галоўныя фасады – на вул. Савецкай і на вул. Білецкага. Фасад на вул. Савецкай – працяглы, сіметрычнай пабудовы, якая фарміруецца на першым паверсе рытмічна размешчанымі арачнымі вокнамі і дзвярнымі праёмамі ў ляпным абрамленні, на другім – радам прамавугольных вокнаў у ляпных ліштвах з трохчаснымі ступенчатымі сандрыкамі, на трэцім – чаргаваннем прамавугольных вокнаў і балконаў з паўкруглымі падножжамі і каванымі агароджамі. Першы паверх аддзяляецца ад другога шырокай цягай з філёнгамі. Фасад вянчае атык складанай формы з люкарнай. Фасад па вул. Білецкага пры аналагічнай сіметрычнай кампазіцыі адрозніваецца меншай працягласцю. Дадатковы акцэнт зроблены на дзвярным праёме з руставанымі лапаткамі і трохвугольным сандрыкам на першым паверсе і на акне з прафіляваным сандрыкам – на другім. Дах двухсхільны, металічны. Па ўсім перыметры будынка – шырокі шматпрофільны карніз. З боку двара да асноўнага аб’ёму дапасуецца сучасная аднапавярховая прыбудова. Інтэр’еры помніка асобнай каштоўнасці не ўяўляюць.

Вуліца Савецкая (да 1919 г. – вул. Румянцаўская) – адна са старэйшых магістраляў Гомеля. У XIX – пачатку XX стагоддзя яна становіцца галоўнай вуліцай горада, на якой сканцэнтравалася яго асноўнае гандлёва-прадпрымальніцкае і грамадскае жыццё. Многія дамы на ёй будаваліся як даходныя, дзе першы паверх займалі гандлёва-гаспадарчыя прадпрыемствы, а памяшканні астатніх паверхаў здаваліся ўнаём як кватэры.

На фотаздымку пачатку ХХ ст. дом на рагу вуліц Румянцаўскай і Мільённай (сучасная вул. Білецкага) быў двухпавярховы. Увесь першы паверх быў заняты разнастайнымі крамамі і канторамі, на другім размяшчалася гасцініца “Гомельская” Рудзіеўскага (?). Будынак быў домаўладаннем Добкіна. Экстэр’ер будынка з боку вул. Румянцаўскай у цэлым адпавядаў сучаснаму. З боку вул. Мільённай на другім паверсе працягваўся шэраг вокнаў, аналагічных фасаду па вул. Румянцаўскай, а на першым быў арганізаваны ўезд на дваравую тэрыторыю ў выглядзе высокага арачнага праёма з балконам над ім. Некаторыя стылістычныя асаблівасці будынка даюць магчымасць меркаваць, што час яго ўзвядзення адносіцца да сярэдзіны- другой паловы XIX ст.

Тое, што і кампазіцыя, і архітэктурны дэкор помніка на двух паверхах амаль што цалкам захаваў свой дарэвалюцыйны выгляд, сведчыць аб тым, што будынак з боку Савецкай не вельмі пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Падчас яго аднаўлення ў 1951 г. быў надбудаваны трэці паверх. У той жа час з боку вул. Білецкага, пры захаванні агульнай кампазіцыі, адбыліся змены: замест уезда ў двор быў арганізаваны ўваход у будынак, а працягласць пабудовы ўздоўж вуліцы скарацілася.

Зараз у будынку размяшчаюцца дызайн-цэнтр, букіністычная крама, жылыя кватэры.

11.jpg

Вул. Мільённая (зараз – Білецкага). Будынак Гарадской думы (справа). Паштоўка пачатку ХХ ст.

 22.jpg

На рагу вуліц Білецкага і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 3. Здымак канца 1950-х гг. З архіва ААТ “Гомельграмадзянпраект”.

 33.jpg     

На рагу вуліц Білецкага і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 3. Здымак 2009 г.