Вул.Савецкая, 38

Дом уяўляе сабой чатырохпавярховае цаглянае збудаванне, якое большай сваёй часткай выходзіць на вуліцу Савецкую, мае паўцыркульнае вуглавое закругленне і прымыкае да дому па вул. Камсамольскай, зліваючыся з ім у адзіны аб'ём. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкоры будынка відавочны класіцыстычныя тэндэнцыі, запазычаныя з гістарычнага мінулага.

Галоўныя фасады дома з боку вуліц Савецкай і Камсамольскай дэкарыраваны ўрачыста з акцэнтам на закругленую вуглавую частку. На ўзроўні трэцяга і чацвертага паверхаў яна прадстаўлена шырокім стылізаваным порцікам з шасцю паўкалонамі іянічнага ордэра пад ступенчатым прамавугольным атыкам і фрызам з рэльефнымі ляпнымі гірляндамі. Вертыкальна фасады падзяляюцца трыма неглыбокімі рызалітамі: два фланкіруюць частку з боку вул. Камсамольскай, трэці замыкае фасад з боку вул. Савецкай.. Рызаліты на ўзроўні трэцяга і чацвёртага паверхаў таксама завяршаюцца стылізаванымі порцікамі з балконамі, франкіраванымі іанічнымі паўкалонамі под трохвугольнымі франтонамі з фрызам з рэльефнымі ляпнымі гірляндамі.

Першыя два паверхі вулічных фасадаў дэкарыраваны рустам і гарызантальна аддзелены ад верхніх паверхаў прафіляванай цягай. Пластыка першага паверха па вул. Савецкай перададзена рытмічным чаргаваннем арачных і прамавугольных вітрынных акон і ўваходных дзвярэй гандлёвых устаноў. Праёмы аформлены замкавым каменем, руставаным архівольтам, сандрыкамі і мадульенамі.

Вуліца Савецкая (былая Румянцаўская) – кампазіцыйны стрыжань Гомеля – канчаткова склалася ў другой палове XIX-пачатку XX стагоддзя. Пад час Вялікай Айчыйнай вайны значная частка збудаванняў была знішчана. Яскравым прыкладам пасляваеннай архітэктуры горада з’яўляюцца дамы па вул. Савецкай пад №№ 36 і 38, што былі ўзведзены па праекце архітэктара Валянціна Філіпавіча Ждановіча. Дом №38 – у 1956 годзе. З другога па чацвёрты паверхі заўсёды знаходзіліся жылыя кватэры На першым паверсе дома размяшчаліся аб’екты сацыяльнага і бытавога прызначэння: дыетычная сталовая і крама "Мэбля". Зараз першы паверх займаюць аб'екты грамадскага харчавання: кафейня, рэстаран і кафэтэрый "Румянцаўскі". 

   

На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 38 (Камсамольскай, 1). Здымак 1960-х гг.

На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 38 (Камсамольскай, 2). Здымак 1960-х гг. З архіва ААТ “Гомельграмадзянпраект”.

 

   

На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай. Будынак па вул. Савецкай, 38 (Камсамольскай, 1). Здымак 2013 г.