Вул.Савецкая, 41

Карпусы фабрыкі «8 Сакавіка» пабудаваны ў стылі «сталінскага ампіра». Уяўляюць сабой 3-павярховы аб’ём, Г-падобны ў плане, вугал якога аформлены 8-павярховай вежай. Рытм фасадаў карпусоў утварае шэраг лапатак, прасценкі якіх запаўняюць прамавугольныя аконныя праёмы, на першым паверсе дадаткова заглыбленыя ў арачныя нішы. Па вул. Савецкай фасады карпусоў аб’яднаны арачнымі трохчастковымі прапілеямі з металічнымі варотамі. Над прапілеямі – круглы медальён з 5-канцовай зоркай і скрыжаванымі пад ёй сцягамі.

Архітэктурнай дамінантай будынка з’яўляецца вуглавая вежа – квадратны ў плане 8-ярусны аб’ём (42,8 м разам са шпілем). Дэкор фасада пачынаецца з 6-га яруса, адасобленага карнізам з квадратнымі кесонамі, што размяжоўваюць пілястры з шматпрафіляванымі капітэлямі. Пілястры працягваюцца і на 7-м ярусе, дзе іх капітэлі буйнеюць і амаль поўнасцю злучаюцца ў адну лінію. У прасценкі паміж імі ўпісаны арачныя вокны. 8-ы ярус прадстаўлены бельведэрам у форме 8-гранніка, акружанага квадратным парапетам з тумбамі і стужкай з металічнага кветкавага ўзору, кожны вугал якога вянчае балясіна. Сцены аздоблены арачнымі вокнамі, злучанымі простым карнізам на ўзроўні зводаў. Вяршыні даху ўпрыгожаны канічнымі балясінамі. Бельведэр вянчае шпіль з зоркай вышынёй 3,2 м.

Новы генплан горада Гомеля 1946 г. галоўную плошчу горада праектаваў на месцы скрыжавання вуліц Савецкай і Паштовай (зараз – праспект Перамогі), такім чынам злучаючы адміністрацыйны цэнтр з вакзалам. Выбар плошчы вызначаўся і яе дамінуючым высотным становішчам. Забудова паўночнага і паўночна-ўсходняга боку плошчы, за выключэннем “Белых казармаў”, павінна была ўяўляць сабой грамадскі будынак з вежай, якая б выходзіла на рог вул. Савецкай і была б бачна на ўсёй яе адлегласці, пачынаючы з парка ім. А. Луначарскага.

Аднак ў 1949 г. на пасяджэнні пры галоўным архітэктары горада замест грамадскіх будынкаў ужо планавалася пабудаваць карпусы фабрыкі “8 Сакавіка” (на той час яна размяшчалася ў т. зв. “Белых казармах”). Шмат пытанняў выклікала абавязковае ўзвядзенне вежы, як адной з архітэктурных дамінантаў галоўнай магістралі горада. У пачатку 1950 г. пытанне аб знешнім аздабленні фабрыкі “8 Сакавіка” было ўзнята зноў. Быў прыняты праект архітэктараў Эстуліна Э.А. і Касякова А.І., праўда, з некаторымі тэхнічнымі заўвагамі. Канчаткова праект карпусоў фабрыкі “8 Сакавіка” разам з воданапорнай вежай па вул. Савецкай, 65 (на той час) зацвердзілі ў 1951 г.

Такім чынам, будаўніцтва пачалося не раней за 1951 год, год заканчэння, на жаль, па дакументах не прасочваецца. Таксама складана вызначыць, як доўга вежа выкарыстоўвалася ў якасці воданапорнай. Магчыма, яна адразу пачала сумяшчаць у сабе тэхнічныя і адміністрацыйныя памяшканні. Зараз корпус з вежай па вул. Савецкай можна аднесці да комплекснага па сваіх функцыях будынка, дзе размяшчаюцца як адміністрацыйныя, так і гандлёвыя памяшканні.

                                  

Вул. Савецкая. Від на вежу і карпусы фабрыкі "8 Сакавіка". Фота 1961 г. З архіва Андрэя Карнеева.

   

Вул. Савецкая. Від на вароты і адзін з карпусоў фабрыкі "8 Сакавіка" (справа). Фота 1960 г. з архіва Ірыны Лук'янавай (Паповай).