Вул.Савецкая, 9

Двухпавярховы будынак на скрыжаванні вуліц Савецкай і Ланге быў пабудаваны ў 1910-12 гг. па праекце архітэктара Оскара Рудольфавіча Мунца ў стылі мадэрн. Будынак стаў адной з вулічных дамінант.

Вуглавую частку архітэктар прэзентаваў як візітную картку банка – ён надаў ёй у плане форму паўкруга і завяршыў высокім глухім барабанам з купалам. У цэнтры барабана – скульптуры Гермеса, бога прадпрымальніцтва і гандлю, і алегарычнай жаночай постаці. Вокны першага паверха фланкіраваны паўкалонамі дарычнага ордэра, а гарэльеф над імі ўяўляе сабой арнамент на радыяльнай паверхні фасада з трох картушаў (геральдычных кампазіцый з сімваламі бога Гермеса – кадуцэем і двума крыламі ад таларый), звязаных паміж сабой фестонамі.   

Фасад з боку вул. Ланге на першым паверсе мае арачныя вокны з прафіляванымі скляпеннямі, што чаргуюцца з руставанымі прасценкамі-пілястрамі ў выглядзе філёнгаў і маскаронамі над імі. Фасад з боку вул. Савецкай захоўвае аздабленне прасценкаў, аднак самі сціплыя вокны прамавугольнай формы дэкараваны толькі  кранштэйнамі. Гэта дае магчымасць вылучыць парадную ўваходную зону, падкрэсліўшы яе люнетам з двума картушамі і гірляндамі. Рытм сцен другога паверха задаюць прамавугольныя вокны з прафіляванай ліштвай, вузкім арнаментальным фрызам і  падваконнымі філёнгамі.  

Усе тры часткі будынка маюць дадатковыя ўваходы з боку двара. Патрапіць ва ўнутраны двор можна праз жалезныя вароты з боку вул. Ланге (раней – арачныя, зараз – прамавугольныя): ніжняя частка створак – суцэльная, верхняя – з ажурнай рашоткі. Да 1963 г. да варот прымыкаў аднапавярховы аб'ём, замест якога была зроблена дабудова да асноўнага аб'ёму. Яе дэкаратыўнае афармленне досыць тактоўна і не парушае цэласнасці ансамбля.

Будаўніцтва банкаў у Беларусі пачынаецца з канца XIX ст. і звязана з эканамічным ростам, развіццём прамысловасці, будаўніцтвам чыгунак. Акцыянерны Руска-Азіяцкі банк быў утвораны ў 1910 г. у выніку зліцця Руска-Кітайскага і Паўночнага банкаў; асноўным накірункам яго дзейнасці стала фінансаванне прадпрыемстваў металургічнай, нафтавай, лясной і дрэваапрацоўчай, тытунёвай, чыгуначнай прамысловасці. Акцыянернае праўленне ўзначальваў А.І. Пуцілаў.

Пасля нацыяналізацыі будынка ў 1917 г., у ім размясцілася Гомельскае аддзяленне Дзяржбанка. У 1941 г., кантора была эвакуіравана ў г. Горкі, у 1942 г. – скасавана. Сваю дзейнасць аддзяленне аднавіла пасля вызвалення г. Гомеля ў 1943 г. У 1987 г. яно было рэарганізавана ў Гомельскае абласное ўпраўленне Беларускага рэспубліканскага кіравання Дзяржбанка СССР. З 19 верасня 1991 г. – гэта Гомельскае аддзяленне Нацбанка Рэспублікі Беларусь.

У 1990-я гг. у будынку быў праведзены капітальны рамонт. Праца па рэстаўрацыі дэкору была даручана гомельскім скульптарам Г.Ц. Гарбанёву і Д.А. Папову, якія дбайна вывучылі фрагменты, аналагі і архіўныя матэрыялы, затым выканалі копіі кампазіцый метадам далепкі дэталяў, якія адсутнічалі. З копій, пасля іх узгаднення, былі зроблены новыя кампазіцыі і зманціраваны на фасадах.

 9-1.jpg

Вул. Румянцаўская (зараз – Савецкая). Будынак аддзялення Руска-Азіяцкага банка. Паштоўка пачатку ХХ ст.

 9-2.jpg 

Вул. Савецкая. Будынак былога аддзялення Руска-Азіяцкага банка (другі злева). Здымак 1960-х гг.

 9-3.jpg 

Вул. Савецкая. Будынак Гомельскай абласной канторы Джяржбанка СССР (другі справа). Здымак з альбома “Гомель в фотоиллюстрациях”, 1961 г.   

9-4.jpg

На рагу вуліц Савецкай і Ланге. Будынак Гомельскага аддзялення Нацбанка Рэспублікі Беларусь. Здымак 2014 г.