вул. Жаркоўскага, 28

Забудова вул. Жаркоўскага
г. Гомель, вул. Жаркоўскага, 28

Цагляны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ем быў узведзены ў 1919 г. ў стылі гістарызм, што грунтуецца на спалучэнні розных архітэкутрных напрамкаў. У часы вайны ен быў зруйнаваны і ўзноўлены ў 1950 г. з захаваннем асноўных стылявых асаблівасцей. У 1973 г. да яго быў прыбудаваны 3-павярховы аб’ем, пасля чаго канструкцыя ў плане стала Г-падобнай.

Сцены галоўнага фасада часткі будынка, узведзенай у 1919 г., роўнаатынкаваныя. Дэкор першага і другога паверхаў яднае прамавугольныя вокны (прамавугольная ліштва з шырокім фартухам, сандрыкі з замкавым каменем – на першым паверсе – пераходзяць ў рамачныя філенкі і прафіляваныя сандрыкі на другім), утвараючы вертыкальныя стужкі.

Сіметрычную кампазіцыю фасада ўтвораюць неглыбокія цэнтральны і бакавыя рызаліты лествічных маршаў. Кожны з іх фланкіраваны лапаткамі, што пераходзяць у дэкор атыкаў. Арачнае завяршэнне атыкаў бакавых рызалітаў “падказваюць” глухія люнеты. Атык цэнтральнага рызаліта мае барочную форму і аздоблены арачным акном. Вялікія аконныя праемы рызалітаў, на цэнтральным аб’еме дадаткова выдзеленыя драбінчастым пераплетам, надаюць фасаду грунтоўны від.

Цяперашняя вуліца Жаркоўскага з'явілася на карце горада Гомеля ў 1820-е гг. У пачатку ХХ ст. вуліца мела назву Аптэчнай і была раенам прыватнай драўлянай забудовы. У 1923 г. яна была пераназвана ў гонар Азрыэля Абрамавіча Жаркоўскага. Ен жыў і працаваў ў Гомелі з 1915 г., у 1918 г. быў сакратаром Гомельскай рады прафсаюзаў. Загінуў у баях з польскімі інтэрвентамі ў 1919 г.

У ліпені 1919 г. ў Гомелі была створаная Кансерваторыя народная. Установа размясцілася на вул. Аптэчнай (зараз будынак па вул. Жаркоўскага, 28). Яна мела класы выканальніцкія (фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, духоўных інструментаў, сольнага і харавога спеваў), кампазітарскі, гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучэнцы былі розныя па ўзросту і падрыхтоўцы. Усе выкладчыкі кансерваторыі мелі вышэйшую спецыяльную адукацыю. Сярод іх – А. Ягораў (першы загадчык кансерваторыі, савецкі харавы дырыжор, выкладчык і кампазітар, прафесар Ленінградскай кансерваторыі), Н. Назараў (габаіст і тэарэтык), А. Туранкоў (беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР), С. Захарын і інш.

У 1920 г. кансерваторыя была рэарганізавана ў Дзяржаўную музычную школу I і II прыступак. У жніўні 1921 г. на яе базе ствараецца Дзяржаўны музыкальны тэхнікум (сучасны Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага). У снежні 1921 г. была адчынена другая Дзяржаўная музыкальная школа ім. А. Рубінштэйна. У 1923 г. абедзве школы былі аб'яднаныя ў адну, атрымаўшай імя А.Н.Скрабіна (рускі кампазітар і піяніст). 12 лістапада 1940 г., з нагоды стагоддзя П.І.Чайкоўскага, школа атрымала сваю сучасную назву: «Дзіцячая музычная школа № 1 імя П.І.Чайковского».

На дадзены момант у будынку па вуліцы Жаркоўскага, 28 працягвае працаваць Дзіцячая музычная школа № 1 ім. П.І Чайкоўскага.

жарков.jpg Вул. Жаркоўскага, 28. Будынак.