Алея Герояў
Аллея Героев | The Alley of Heroes
Алея Герояў і мемарыяльны комплекс размешчаны ў скверы па вуліцы Савецкай у Гомелі. Цэнтральная частка мемарыяльнага знака зробленая ў выглядзе аркі, якую добра відаць з вуліцы Савецкай.
У самым цэнтры размясцілася скульптура салдата, якая знаходзілася на гэтым месцы раней, а цяпер рэканструяваная. Па абодва бакі аркі знаходзяцца дзве сцяны, на якіх размешчаны 44 памятныя дошкі з інфармацыяй пра абаронцаў Айчыны, пахаваных тут у брацкай магіле. У ёй рэшткі 135 удзельнікаў абароны Гомеля ў жніўні 1941 года, партызан, падпольшчыкаў, а таксама тых, хто прынёс у лістападзе 1943-га ў горад доўгачаканую свабоду. Усе яны ў гады вайны аддалі сваё жыццё за сённяшняе мірнае жыццё беларускага народа.
Уздоўж цэнтральнай алеі ўстаноўлена 41 памятная стэла. На іх увекавечаны імёны Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, лёс якіх быў звязаны з Гомелем. У іх ліку ўраджэнцы горада над Сожам, воіны, якія прымалі ўдзел у вызваленні горада, а таксама тыя, хто пражываў і працаваў тут.