Новости

КОНКУРС «МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ»

КОНКУРС «МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ»

Нямала сюрпрызаў для сваіх матуль падрыхтавалі да 8 Сакавіка вучні сярэдніх школ, устаноў адукацыі новага тыпу, навучэнцы ПТВ, каледжаў, а таксама студэнты ВНУ Гомельшчыны.

 

– Але ж відавочна, калі ў жаночае свята сваім родным яны прачытаюць верш, які напісалі самастойна, а гэты твор напярэдадні быў ацэнены майстрамі мастацкага слова, ды яшчэ прадэманструюць адпаведны дыплом, які засведчыць, што сын альбо дачка сталі лаўрэатамі абласнога літаратурнага конкурсу «Мая матуля – Сонца на Зямлі», у кожным доме, перакананы, сапраўды стане болей сонца і радасці, і маці будуць ганарыцца сваімі дзецьмі, – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч на падвядзенні вынікаў творчага спаборніцтва. – І хто ведае, можа, недзе ў палескай глыбінцы альбо ў сэрцы горада над Сожам вырасце ў выніку сапраўдны талент, які сагрэты мацярынскай любоўю і ўвагай да яго першых паэтычных спроб з боку прафесійных літаратараў.

 

У конкурсе літаратурных твораў, прысвечаных маці, які з 1 лютага па 1 сакавіка праводзіла Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, перамог навучэнец Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Уладзіслаў Сузько. Другое месца падзялілі навучэнка Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя Вікторыя Каваленка і першакласніца ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа» Ксенія Слышнова. На трэцім месцы таксама два лаўрэата: Віктар Капітан, навучэнец Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, і Ганна Ражкова, вучаніца Лельчыцкай раённай гімназій.

 

Заахвочвальнымі дыпломамі аргкамітэту адзначаны гамяльчане Алена Калейнік, Ангеліна Мурадзян, Валерыя Арцёмава, Данііл Лузан і жыхар Глушкавіч Лельчыцкага раёна Уладзімір Данілейка. Спецыяльны дыплом конкурсу атрымаў Фёдар Бусел з Гомеля.

 

Як адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, узнагароды лаўрэатам перададуць ва ўстановы адукацыі па месцы вучобы. Да таго ж асобныя з юных аматараў слова могуць быць запрошаны для ўдзелу ў майстар-класах, што пройдуць сёлета ў рамках Першага абласнога Форуму маладых літаратараў Гомельшчыны.


newsgomel.by