Новости

ВЫСТАВА «УЛЕТКУ ДА БАБУЛІ»

ВЫСТАВА «УЛЕТКУ ДА БАБУЛІ»

Арганізатары: дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль; генеральны дырэктар - І.В. Пыркова, дырэктар музея ўстановы - А.В. Торапава

Дзелавой партнёр: ГАГА «Румянцаўскае таварыства»

Інфармацыйныя партнёры: тэлерадыёкампанія «Гомель»; радыё «Гомель FM»; Першы гарадскі тэлеканал; канал «Культура» Беларускага радыё 91,5 FM; Гомельскае гарадское радыё 107,4 FM; газета «Гомельская праўда»; газета «Гомельскія ведамасці»; газета «Вячэрні Гомель»; інфармацыйны партал vgomele.by; рэкламна-інфармацыйны партал «Мая рэклама».

Месца і час правядзення: цэнтральная частка палаца Румянцавых і Паскевічаў; 11.00 -19.00; субота, нядзеля 10.00 - 18.00. Выходны - панядзелак

Пачатак працы выставы: 21 ліпеня 2017 г.

Дата адкрыцця выставы: 20 ліпеня 2017 г., 16.00

Інфармацыя аб выставе: Водар скошанага сена, густ сырадою, спевы ранішніх пеўняў ... Ва ўсіх, хто праводзіў летнія вакацыі ў вёсцы ў бабулі, гэтыя словы выклікаюць успаміны аб бесклапотным дзяцінстве ... Там мы, гараджане, станавіліся не толькі бліжэй да прыроды, але і адкрывалі для сябе іншы свет - свет нашых продкаў. Крадком зазіраючы ў бабулін куфар, мы бачылі створаныя яе рукамі кашулі і посцілкі, ручнікі і абрусы, прагна слухалі расказы аб дамавіках і русалках, удзельнічалі ў вясковых святах, сэнс якіх нам не заўсёды быў зразумелы. І толькі цяпер, па сканчэнні N-най колькасці гадоў мы ўсведамляем да якога бясцэннага скарбу нам пашчасціла дакрануцца.

Дарэчы сказаць, супрацоўнікі музея праводзілі лета таксама «ў бабулі». Яны адпраўляліся ў экспедыцыі, вынікам якіх стала этнаграфічная калекцыя музея, якая налічвае больш за 3 тысячы экспанатаў.

Выстава «Улетку ды бабулі» знаёміць наведвальнікаў з народным касцюмам, які на тэрыторыі Гомельскай вобласці багаты і разнастайны. «Бабуліны» касцюмы з дзесяці раёнаў вобласці маюць свой каларыт, свае ўяўленні пра прыгажосць, сваю гармонію. А паказаныя на выставе этнаграфічныя комплексы даюць магчымасць пабываць на вяселлі і хрэсьбінах, зазірнуць да шаптухі, паўдзельнічаць у летнім цыкле народных святаў.

Тых, хто прыйдзе на адкрыццё чакае не проста знаёмства з выставай, а ўдзел у сапраўдным этнаграфічным свяце. Песні, танцы, дэгустацыя традыцыйных беларускіх страў - вось няпоўны пералік таго, што будзе адбывацца ў музеі.

Упершыню за амаль стогадовую гісторыю фарміравання этнаграфічная калекцыя будзе экспанавацца так маштабна.

Прыходзьце на выставу, ўспомніце сваё дзяцінства, і дазвольце дакрануцца да яго сваім дзецям і ўнукам. Бо так важна, каб сувязь пакаленняў не перарывалася.

 

Кошт наведвання выставы ўваходзіць у кошт уваходнага квітка на 2-гі паверх цэнтральнай частцы палаца і складае 3 рублі (дарослы) і 2 рублі (ільготны квіток).