Сохранение государством историко-культурных ценностей в г.Гомель

Палац

Гомельскі палац – адзін з найбольш цікавых помнікаў сядзібнай архітэктуры канца XVIII – сярэдзіны XIX ст. на тэрыторыі Беларусі. Ён вызначаецца багаццем і пластычнасцю, гарманічным спалучэннем мастацка-стылевых кірункаў у еўрапейскім мастацтве ад класіцызму да эклектыкі. Будаўнічы комплекс палаца мае развітую кампазіцыю і складаецца з пекалькіх аб’ёмаў, якія злучаны паміж сабой.

Галоўны корпус – адзін з першых на Беларусі прыкладаў класічнай “паладыянскай” пабудовы. Ён уяўляе сабой двухпавярховы мураваны аб’ём амаль квадратнага плана, завершаны бельведерам з паўсферычным купалам, мае ўяздны пандус перад парадным пад’ездам і паўкруглую тэрасу з боку ракі Сож. Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным, а фасад, які звернуты да ракі, шасцікалонным порцікамі карынфскага ордэра. Плоскасці фасадаў рытмічна падзелены пілястрамі з аналагічнымі карынфскімі капітэлямі і вылучаны вялікімі паўкруглымі вокнамі. 

Да цэнтральнага корпуса прыбудаваны аднапавярховыя галерэі з 12 паўкалонамі іянічнага ордэра,  якія фланкіраваны квадратнымі ў плане павільёнамі. Да іх з паўночнага і паўднёвага бакоў пад прамым вуглом далучаюцца архітэктурныя аб’ёмы, якія надаюць асіметрыю ўсяму палацаваму ансамблю.  Паўночны флігель – трохпавярховы будынак, які вылучаны на галоўным і тарцовым фасадах чатырохкалоннымі порцікамі пад балконамі. З другога боку знаходзіцца высотная дамінанта палаца – чатырохпавярховая вежа з зашклёным порцікам і павільёнам з верхнім святлом. Яна завяршаецца зубчастым парапетам. Фасады башні расчлянёны пілястрамі, ярусы вылучаны шырокімі стужкамі карнізаў. На кожным паверсе высокія вузкія вокны згрупаваны па 3, на чацвёртым устаноўлены круглыя цыферблаты курантаў і чыгунныя балконы.

Па перыметры даху палаца зроблена атыкавая балюстрада, якая над галярэямі аздоблена вазамі, над галоўным корпусам – статуямі.

Дворец 1.jpg

Інтэр’еры

Інтэр’еры помніка ўяўляюць вялікую каштоўнасць. На першым паверсе палаца знаходзяцца парадныя пакоі: вестыбюль, вялікая калонная зала, былая залатая сталовая (цяпер зала ўрачыстых прыёмаў), чырвоная (малінавая) гасціная, белая зала (цяпер канцертная зала). Цэнтральная (калонная) зала ў два паверхі ў плане ўяўляе сабой простаканечны крыж. Па перыметру яна аформлена радамі калон карынфскага ордэра, зверху перакрыта кесаніраваным купалам, мае антрасолі з каменнай балюстрадай і аздоблена ляпнымі арнаментальнымі элементамі. Тры вялікія праёмы злучаюць залу з вестыбюлем, па баках ад якога знаходзяцца лесвіцы, якія вядуць на другі паверх. Яго памяшканні аздоблены ляпнымі карнізамі, разеткамі, плафонамі і інш.

Памяшканні вежы на першым паверсе (дзве вялікія сумежныя залы, якія злучаюцца арачным праёмам, і былая курыльня) і павільён, які прылягае да вежы, адрозніваюцца асабліва ўрачыстым афармленнем інтэр’ераў. У іх дэкоры выкарыстаны пілястры карынфскага ордэра, арматуры, фестоны, маскароны, паясы іонік, сухарыкаў, гірляндаў, меандра, аканта. Перакрыцці вежы паміж паверхамі аздоблены плафонамі на падугах і кесонамі.

Интерьеры 2.JPG

 Интерьеры 3.JPG

Парк

Цэнтральным звяном палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі з'яўляецца парк, які працягнуўся ўздоўж правага берага ракі Сож. Гэта адзін з найбольш захаваўшыхся старых паркаў Беларусі,  выдатны ўзор садова-паркавага мастацтва  XIX – пачатку ХХ ст.

Тэрыторыя парку падзяляецца глыбокім ярам (былое рэчышча ручая Гамяюк, прыстасаванае з сярэдзіны XIX ст. пад Лебядзіную сажалку) на дзве асноўныя часткі – паўночную і паўднёвую. Першая па планіроўцы адносіцца да рэгулярнага тыпу, другая – да пейзажнага. Цераз сажалку  перакінуты два пешаходныя масты: верхні і ніжні. Першы з іх – металічны, на высокіх апорах, другі выкладзены бутавым каменем у форме архаічнай аркі. Цэнтральная частка парку мае радыяльна-кальцавую планіроўку алей, якія бяруць пачатак ад палаца Румянцавых і Паскевічаў. Перад галоўным фасадам яго разбіты парадны партэр, які ўяўляе сабой суцэльны зялёны газон з фантанам, кветнікамі  і асобнымі дрэвамі. Перад фасадам палаца з боку ракі сіметрычна шасцікалоннаму порціку  ўсталяваны дзве вялікія вазы ў стылі барока, упрыгожаныя барэльефамі і маскаронамі. У паўднёвай частцы парку знаходзяцца памятныя камяні, прысвечаныя сабакам Ф.І.Паскевіча. Масты, Лебядзіная сажалка, вазы, памятныя камяні з'яўляюцца элементамі рамантызму ў паркавым ассяродзі.

У парку  растуць каля 5000 дрэў і кустоў 60-ці відаў. Асноўную частку іх складаюць мясцовыя пароды: дуб, каштан, граб, вяз, клён, ясень, ліпа, елка, хвоя. Растуць таксама даволі рэдкія віды і экзоты: гінкго двухлопасцевы, аксаміт амурскі, яблыня Недзведскага, арэх манчжурскі, ліпа лямцавая, лістоўніца еўрапейская, хвоя чорная, шаўкоўніца белая, піхта сібірская, туя заходняя. Асноўнымі элементамі кветкава-дэкаратыўнага  афармлення парку з'яўляюцца рэгулярныя, ландшафтныя і абстрактныя кветкавыя кампазіцыі і асобныя кветнікі. Алеі парку выкладзены дробнаштучнай бетоннай пліткай. Уздоўж алей устаноўлены садовыя лаўкі.

Парк 4.JPG

Капліца-спачывальня

Першыя архiўныя звесткi аб намеры князя Ф. I Паскевiча пабудаваць у Гомелi каплiцу i фамiльны пахавальны склеп датуюцца 14 студзенем 1865 г. У 1866 г. былi распачаты падрыхтоўчыя работы, а вясной 1870 г. была закладзена каплiца. У праектаванні і стварэнні капліцы-пахавальні ў традыцыях маскоўскага дойлідства XVII ст. прымалі ўдзел архітэктары Я.І. Чарвінскі, А.Х. Пель, М.Е. Месмахер, О.Э. Вягенер - прадстаўнікі гістарызму і эклектызму ў рускім мастацтве. Па архіўных матэрыялах вядома, што розныя элементы для дэкарыроўкі помніка (вырабы з каменя і металу, мастацкая кераміка) вырабляліся ў розных гарадах Расійскай імперыі: Кіеве, Пецярбургу, Варшаве, а таксама ў Гомелі. Насценны жывапіс інтэр'ера капліцы, выкананы пецярбургскім мастаком З.І. Садзікавым, смальтавыя мазаікі выраблены па малюнках В.М. Васняцова ў вядомай пецярбургскай майстэрні Фраловых. Да стварэння гомельскай капліцы-пахавальні мелі дачыненне таксама мясцовыя майстры. У 1889 г. усе будаўнiчыя работы на каплiцы-пахавальнi былi завершаны і адбыліся перапахаванні астанкаў членаў сям’і  Паскевічаў. Апошняе пахаванне ў склепе адбылося ў 1903 г.

Комплекс каплiцы-пахавальні князёў Паскевiчаў складаецца з двух, не злучаных паміж сабой аб’ёмаў: капліцы і пахавальні. У магільным склепе пахаваны 8 чалавек: генерал-фельдмаршал І.Ф. Паскевіч, яго жонка, бацькі, 2 дачкі, сын і праўнучка.

часовня 5.jpg

 Петрапаўлаўскі сабор

Адным з велічных культавых збудаванняў г. Гомеля з'яўляецца сабор святых Пятра і Паўла - помнік архітэктуры першай чвэрці XIX стагоддзя. Ідэя ўзвядзення саборнай царквы належыла графу Мікалаю Пятровічу Румянцаву, які валодаў Гомельскім маёнткам з 1796 па 1826 г. У 1808 г. ён звярнуўся да архіепіскапа Магілёўскага Варлаама за дазволам пабудаваць у Гомелі мураваную царкву ў імя св. апосталаў Пятра і Паўла. Неўзабаве пачаліся работы па яго ўзвядзенню. У 1816 г. была завершана закладка сцен, у 1823 г. Румянцаў падарыў сабору багатае начынне, а ў 1824 г. царква была асвечана. У 1820-я гады у саборы служыў протаірэем знакаміты беларускі царкоўны дзеяч і вучоны Іаанн Іаанавіч Грыгаровіч. У 1826 г. у саборы быў пахаваны М.П.Румянцаў.

Будынак сабора ў плане ўяўляе сабой выцягнуты крыж і кампазіцыйна складаецца з развітога трансепта, кароткага сярэдняга нефа, прамавугольнай апсіды і двух невялікіх рызніц па баках алтарнай часткі. Сяродкрыжжа вылучана паўсферычным купалам на высокім светлавым барабане, які прарэзаны вокнамі. У інтэр’еры ён абапіраецца на чатыры слупы. Крылы трансепта і неф накрыты пакатымі двухсхільнымі дахамі. Кожны з  тарцоў будынка аформлены шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордэра, накрытымі трохвугольнымі франтонамі, якія абапіраюцца на трыгліфныя фрызы. Бакавыя фасады нефа аздоблены радамі паўкалон. Усё гэта надае храму асобую манументальнасць.

Собор 6.jpg

Скарб

Скарбскладаецца з 22 адзінак прадметаў рэлігійнага культу і ўключае наступныя рэчы: пацір (1814 г.), пацір (малы) XIX ст., крыж напрастольны (1791 г.), крыж напрастольны XIX ст., звездзіца (1814 г.),  тарэль XIX ст.,  кадзіла (ніжняя частка) XIX ст., лжыца (1809 г.), лжыца (1814 г.), тарэль (1785 г.), тарэль (1820 г.), дзіскас (1814 г.), дзіскас (другая палова XIX ст.), тарэль (1814 г.), коўшык (1868 г.), кадзіла верхняя частка (1868 г.), звездзіца (другая палова XIX ст.), коўшык (канец XVIII ст.), пацір (з дараносіцы) XIX ст., тарэль (другая палова XIX ст.), коўшык (XIX ст.), тарэль (XIX ст.). Большасць прадметаў выраблена ў ювелірных майстэрнях Маскоўскай прабірнай акругі. Тэхніка выканання прадметаў: ліццё, обнізь, гравіраванне, чарненне, прасечка, чаканка, цісненне, залачэнне. Тэматыка мастацкага аздаблення – рэлігійныя сюжэты.

Клад 7.jpg