пл. Леніна, 1
Будынак абласнога драматычнага тэатра,
г. Гомель, пл. Леніна, 1
Прамавугольны ў плане будынак мае сіметрычную аб'емна-прасторавую кампазіцыю. Галоўны фасад вырашаны як шасцікалонны порцік на высокім ганку. Тымпан франтона аздоблены барэльефам з выявай Маскоўскага Крамля на картушы ў атачэнні музычнай атрыбутыкі, раслінных элементаў і стужак. У якасці цэнтральнага акратэрыя – фігура Мельпамены (музы тэатральнага мастацтва), вуглавых – рогі дабрабыту. Сцяна галоўнага фасада падзелена філенгамі з барэльефамі раслінных арнаментаў. Капітэлі пілястраў па ўсім перыметры будынка дапасаваны музычнай атрыбутыкай. Багаты карніз вянчае фасад.
Па галоўнай восі будынка размешчаны цэнтральны ўваход, вестыбюльная група, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэнічная каробка. У афармленні інтэр'ераў асноўных памяшканняў, якія ўяўляюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць, шырока выкарыстаны разнастайныя элементы класіцызму: нішы, кесоны, пілястры, разеткі і інш.
Праект тэатра быў распрацаваны яшчэ ў 1940 – 1941 гг. усесаюзным трэстам «Театрпроектмонтаж» («Гипротеатр» – з 1951 г.) пад кіраўніцтвам арх. А.У. Тарасенкі пры кансультацыі акадэміка архітэктуры І.В. Жалтоўскага. Пасля вайны для будаўніцтва была адведзена пляцоўка на месцы былога комплекса гандлевых радоў. Будаўнічыя чарцяжы датуюцца 1949 – 1952 гг., адначасова веўся ўвесь комплекс работ. У распрацоўцы інтэр'ераў прымалі ўдзел спецыялісты згаданай вышэй арганізацыі – Чарткова, Вахрамеева, Шашкоўская, арх. Напрэенка. У 1954 г. Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр быў адчынены. Побач з будынкам быў разбіты Тэатральны сквер.
У сярэдзіне 1970-х гг. архітэктурна-праектная майстэрня Рады архітэктараў БССР (галоўны арх. – В.П. Іўлічаў) выканала праект рэканструкцыі тэатра ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі часу. Рамонтныя работы ў асноўным скончыліся ў першай палове 1980-х гг. 3 2004 па 2010 г. адбываліся работы па рэстаўрацыі фасадаў і рамонце даху.
У 1999 г. тэатру прысвоена званіе «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». На яго сцэну ў розныя гады выходзілі і выходзяць народныя артысты Беларусі: Ніна Карнеева, Людміла Корхава, Юрый Шэфер, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь: Федар Іваноў, Юрый Фейгін і інш.
Пл. Леніна. Будынак абласнога драматычнага тэатра. Здымак 1960-х гг.
Пл. Леніна. Будынак абласнога драматычнага тэатра. Паштоўка 1960-е гг.
Пл. Леніна. Будынак абласнога драматычнага тэатра. Паштоўка 1979 г.
Будынак абласнога драматычнага тэатра. Аздабленне глядзельнай залы. Здымак 2011 г.
Будынак абласнога драматычнага тэатра. Аздабленне балкона. Здымак 2020-х гг.
Карнеева Ніна Аляксееўна (1920-2007), актрыса. Заслужаная артыстка БССР (1967). Народная артыстка БССР (1990).
Корхава Людміла Канстанцінаўна (1946 г.н.), актрыса. Заслужаная артыстка БССР (1990), народная артыстка Беларусі (1999).
Шэфер Юрый Іванавіч (1922-2013), акцер. Заслужаны артыст БССР (1980), народны артыст БССР (1989).
Іваноў Федар Мікалаевіч (1928-2021). Заслужаны артыст БССР (1968).
Фейгін Юрый Міхайлавіч (1947 г.н.), акцер. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (2002).